Ужо другі ў гэтым годзе новы аўтобус на 31 пасадачнае месца для падвозу навучэнцаў прыбыў у Дзятлаўскі раённы цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных і іншых арганізацый. Са сродкаў раённага бюджэту на яго патрачана 317 000 рублёў.

Дадзены транспартны сродак будзе ажыццяўляць падвоз 55 навучэнцаў установаў адукацыі па маршруце Наваельня – Круцілавічы – Таркачы – Навасёлкі – Лапушна.

Ключы ад новага аўтобуса дырэктар цэнтра Святлана Панасюк перадала вадзіцелю катэгорыі “D” з шасцігадовым стажам Віктару Лазовіку, які ў цэнтры працуе першы год.


– На наступным тыдні, пасля вырашэння пытанняў са страхоўкай і тэхаглядам, выедзем на маршрут ужо на новым транспарце, – гаворыць Віктар Яўгеньевіч. – Адначасова і радасна, і хвалююча, але, упэўнены, аўтобус абкатаю, і ўсё будзе добра. Ён поўнасцю абсталяваны ўсім неабходным для перавозкі дзяцей, ёсць нават спецыяльныя пяцікропкавыя рамяні бяспекі для самых маленькіх пасажыраў.


Святлана Панасюк расказала, што ўсяго ў цэнтры цяпер 14 школьных аўтобусаў, 11 з іх выязджаюць па маршрутах. Яна выказвае вялікую ўдзячнасць старшыні райвыканкама Андрэю Садоўскаму, які аказвае рэгулярнае садзейнічанне ў выдзяленні бюджэтных сродкаў для набыцця новага транспарту, каб юныя дзятлаўчане, якія жывуць нават у самых аддаленых кропках нашага раёна, заўжды мелі магчымасць наведваць школы і садкі.
Святлана ГРЫШЫНА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае #ГОД БЛАГОУСТРОЙСТВА