Абследаванне неэксплуатуемых будынкаў, бяспека на дарогах раёна, графік работы аўтамагазінаў, кіберзлачынства, уборка бульбы і пасяўная, нарыхтоўка другасных матэрыяльных рэсурсаў – на гэтыя і іншыя тэмы гаварылі на нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.
У сувязі з Днём ведаў, які выпаў сёлета на панядзелак, традыцыйная нарада кіраўніка раёна з адказнымі службамі была перанесена на другі дзень.
Вынікі і планы
Уборка збожжа на Дзятлаўшчыне завершана. З “плюсам” склаўся ўраджай у гаспадарках “Войневічы”, “Граніт-Агра”, “Дварэц-Агра”, “АграМілк”.
– Вясновыя анамальныя замаразкі паўплывалі на сёлетні ўраджай, аднак ураджай ёсць і добры. Сем экіпажаў намалацілі больш за дзве тысячы тон збожжа (у гаспадарках “Дварэц-Агра”, “Граніт-Агра”, “АграМілк”). Нам ёсць за што сказаць вялікі дзякуй работнікам сельскай гаспадаркі Дзятлаўшчыны, адзначым іх узнагародамі на раённых “Дажынках”, – падкрэсліў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі.
Іншыя віды работ у палях працягваюцца. Вызваляюцца плошчы пад сяўбу льну. Аператыўна спрацавалі ТАА “РоданАграПол” і ААТ “Дварэц-Агра”. Недастатковы тэмп у КСУП “Войневічы”, ААТ “Граніт-Агра”.
Заўвагі па нарыхтоўцы кармоў і вядзенні жывёлагадоўлі прагучалі ў адрас сельгаспрадпрыемстваў “Жукоўшчына”, “Граніт-Агра”.
Ёсць адставанне па ворыве пад азімую сяўбу. Кіраўнік раёна паставіў задачу актывізавацца КСУП “Войневічы”, ААТ “Граніт-Агра” – тут плануюцца да сяўбы самыя вялікія плошчы ў раёне.
Прадаўжаецца ўборка льну. На наступным тыдні пачнуць капаць бульбу.
На такіх аб’ектах здараюцца трагедыі
Адной з тэм нарады стала праверка неэксплуатуемых будынкаў. На Дзятлаўшчыне ажыццяўляецца пастаянны кантроль за такой катэгорыяй збудаванняў. Між тым, нядаўняе трагічнае здарэнне ў Гродне стала прычынай пазапланавага маніторынгу. 10-гадовы хлопчык пацярпеў у закінутым будынку. Інцыдэнт адбыўся ўвечары 30 жніўня. На дзіця абрынулася цагляная сцяна, прыціснуўшы абедзве нагі. У хлопчыка дыягнаставаны масіўныя раны з моцным пашкоджаннем мяккіх тканак і адкрыты пералом галёнкі.
– У нашым раёне рэйдавыя мерапрыемствы праводзяцца пастаянна, на кантролі неэксплуатуемыя будынкі, доступ у якія павінен быць абмежаваны. Аднак, бачыце, дзеці знаходзяць час і пралазы, каб пацікавіцца, што ў гэтых “заброшанках”. А там толькі адно – небяспека. І бацькам, і настаўнікам трэба расказваць дзецям, якімі цяжкімі наступствамі можа абярнуцца свавольства. Адказным службам, сельскім выканаўчым камітэтам даручэнне – правесці пазапланавыя маніторынгі, – падкрэсліў Андрэй Садоўскі.
Ні грошай, ні адзення
Чарговая жыхарка раёна пацярпела ад кібермахляроў. Як расказаў начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Вадзім Шчурскі, жанчына ў сацыяльнай сецы TikTok убачыла прапанову аб набыцці адзення, зразумела, таннага. Пералічыла 231 рубель на вызначаную “прадаўцом” расійскую картку. Але пакупка так і не прыехала.
Па выніках васьмі месяцаў бягучага года ў Дзятлаўскім раёне фіксуецца зніжэнне па агульнай злачыннасці на 24 %. Аднак у сферы кіберзлачыннасці адбываецца пастаянны рост. Даверлівасць дзятлаўчан прыводзіць да сур’ёзных страт уласных фінансавых сродкаў.
Паведаміў таксама Вадзім Васільевіч, што прадаўжаецца работа з непрацуючымі грамадзянамі, якія злоўжываюць алкаголем. У верасні чарговая партыя з шасці чалавек будзе ізалявана ў лячэбна-працоўны прафілакторый.
Праваахоўнікі не зніжаюць кантроль за аб’ектамі сельскай гаспадаркі, правяраюць вартавую ахову, захаванне матэрыяльных каштоўнасцей.
Іншыя тэмы коратка
У бліжэйшыя дні адбудзецца выязное мерапрыемства па аналізе работы аб’ектаў гандлю ў сельскай мясцовасці. Спецыялісты звернуць увагу не толькі на актуальнасць і разнапланавасць напаўнення таварамі, але і на стан будынкаў, у якіх размешчаны гандлёвыя аб’екты. Таксама на кантролі графік работы аўтамагазінаў.
****
Кіраўнікам арганізацый і прадпрыемстваў раёна нагадалі аб абавязковым выкананні графіка збору і нарыхтоўкі другасных матэрыяльных рэсурсаў. Тэма на кантролі намесніка старшыні райвыканкама Дзмітрыя Баравіка.
****
З пачатку новага навучальнага года трое навучэнцаў Дзятлаўшчыны прайшлі конкурсны адбор і паехалі на першую змену Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка: Лізавета Маліка з Новаяльнянскай сярэдняй школы імя А. А. Шаўчук, Кірыл Шайбак з сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча, Арцём Разанаў з гімназіі № 1 горада Дзятлава.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga