Пытанне, якое не губляе сваёй актуальнасці ніколі і з’яўляецца даволі спрэчным. За ўсё адказвае мясцовая ўлада ці ўсё ж людзі, у якіх сваякі пахаваны на могілках? Напэўна, тут заўжды павінна быць узаемасувязь.

У Дзятлаўскім раёне 112 могілак, яны знаходзяцца на балансе РУП ЖКГ. Што робіцца па іх добраўпарадкаванні, расказаў дырэктар прадпрыемства Васіль Пяцюк:

– Работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі пастаянна займаюцца добраўпарадкаваннем могілак, у нас ёсць спецыяльная тэхніка, інвентар.


У абавязкі ўваходзіць падтрыманне санітарнага стану, рамонт агульных агароджаў, вываз смецця з кантэйнерных пляцовак, спілоўванне аварыйных дрэваў. Так, нядаўна мы правялі закупку на выдаленне 173 дрэваў. Дзятлаўскі райвыканкам з раённага бюджэту выдзеліў 35 тысяч рублёў на гэтыя мэты, мы ўжо падпісалі дагавор з мінскай арганізацыяй на правядзенне работ, і да канца 2025 года па складзеных нашым прадпрыемствам заключэннях аб аварыйнасці дрэваў яны будуць спілаваны. Рашэннем райвыканкама ў гэтым годзе каля пяцідзесяці могілак замацаваны за арганізацыямі, сельскімі саветамі, якія будуць наводзіць парадак на гэтых месцах пахавання. Дарэчы, мы праводзім не толькі планавыя работы, але і многае робім па меры неабходнасці, напрыклад, убіраем паламаныя галіны пасля буры.



На жаль, шмат пахаванняў застаюцца закінутымі на працягу многіх гадоў і дзесяцігоддзяў, надмагільныя збудаванні старэюць і разбураюцца, вакол буяе высокі бур’ян. Гэта ўжо залежыць не толькі ад абслугоўваючых арганізацый – дзеці гадамі не прыязджаюць да месцаў пахавання, зразумела, малюнак там далёка не прывабны. Тут павінны праяўляць актыўную грамадзянскую адказнасць і сваякі памерлых – прыбіраць магілы і тэрыторыю вакол іх. Вельмі многае ў пытанні добраўпарадкавання залежыць ад мясцовага насельніцтва. Станоўчы прыклад таму ў нашым раёне – Дварэцкі сельскі савет, дзе наладжана цесная ўзаемасувязь мясцовай улады і жыхароў.

– На тэрыторыі нашага сельсавета знаходзіцца 14 могілкаў. Яны перададзены на баланс РУП ЖКГ, але пасільную дапамогу па іх добраўпарадкаванні аказвае сельскі савет, ААТ “Дварэцкі льнозавод”, Боркаўскі крухмальны завод, ААТ “Граніт-Агра”, – расказаў старшыня Дварэцкага сельвыканкама Канстанцін Вінцукевіч. – Людзі таксама актыўна дапамагаюць наводзіць там парадак, у асноўным, вядома, на пахаваннях сваіх блізкіх сваякоў. Але ведаю і такіх, якія прыбіраюць суседнія магілкі, калі бачаць, што іх ніхто не даглядае і яны зарастаюць. Гэта вельмі радуе і дзякуй ім вялікі. Добра, калі грамадзяне не патрабуюць і не чакаюць, каб ім усё зрабілі, а самі не застаюцца раўнадушнымі і пачынаюць дзейнічаць. Напрыклад, у гэтым годзе на Мяляхавіцкіх могілках людзі заказалі выраб і ўстанавілі новы крыж, арганізавалі суботнік. У Харашках агароджа і вароты таксама зроблены за сродкі жыхароў мясцовай вёскі і па іх ініцыятыве, заўжды падтрымліваюць могілкі ў чысціні. У Белалозах актыўныя вяскоўцы, якіх не трэба прасіць аб дапамозе. Што ў нашых сілах, робім па просьбах людзей, але стараемся растлумачыць, што навядзенне парадку на могілках – гэта справа сумесная.





З Канстанцінам Адамавічам праехаліся па сельсавеце і паглядзелі, як выглядаюць могілкі ў Дварцы, Белалозах, Харашках. І сапраўды, адразу відаць, што работа там вядзецца пастаянна, нават на старых могілках у аграгарадку, дзе шмат пахаванняў, якія ніхто не даглядае, парадак.

У Данілавіцкім сельсавеце работнікі РУП ЖКГ толькі днямі скончылі работы па абкошванні і спілоўванні дрэваў на могілках у вёсцы Стараельня, цяпер Леанід Ціхановіч і Сяргей Ісачанка займаюцца абкошваннем тэрыторыі на могілках у вёсцы Панікарты.


– І трава, і хмызняк разрасліся значна, таму работы тут хопіць на некалькі дзён. Добра, калі нам у дапамогу даюць людзей з сельсавета або мясцовай сельскай гаспадаркі, што бывае вельмі часта, і тады справа ідзе нашмат хутчэй, – гавораць мужчыны. Яны расказалі, што парадак на могілках наводзяць не толькі з вясны па восень, але і зімой расчышчаюць снег на дарожках.






Будзем спадзявацца, што кожны чалавек усведамляе неабходнасць добрай справы па падтрыманні чысціні на месцах пахавання нашых продкаў, бо гэта не проста прыстойны знешні выгляд тэрыторыі, але і даніна павагі да пахаваных людзей і ўвогуле праяўленне ўласнай культуры.
Святлана ГРЫШЫНА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#ГОД БЛАГОУСТРОЙСТВА