Лета – спрыяльная пара для вандровак, і кожны выбірае свой маршрут для падарожжа. Іх геаграфія бывае блізкай і дальняй, а можа стаць незвычайнай, яркай, эмацыянальнай.
Менавіта ў такую вандроўку цёплым жнівеньскім днём накіраваліся сем’і Філідовічаў, Чайкоўскіх, Івашэвічаў, Заяц, Залеўскіх, Сончыкаў. Прозвішчы гэтых людзей розныя, і на першы погляд можна не здагадацца, што ўсіх іх аб’ядноўвае кроўнае сваяцтва і агульная сямейная гісторыя, звязаная з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. Яна настолькі вядомая на Дзятлаўшчыне, што лягла ў аснову музейных фактаў, турыстычных маршрутаў і звязана з асобай нашага слаўнага земляка Іосіфа Філідовіча, які паўтарыў подзвіг Івана Сусаніна і пасмертна быў узнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны І ступені.

Загінулы герой цаною свайго жыцця даў магчымасць не перарвацца ўласнаму роду, але яшчэ большая яго заслуга ў тым, што, завёўшы элітныя войскі карнікаў-эсэсаўцаў у непраходнае балота, ён уратаваў персанал і пацыентаў партызанскага шпіталя, які ў далёкім 1942 годзе базіраваўся ў Ліпічанскай пушчы.
– Падобныя сямейныя сустрэчы для нас сталі традыцыйнымі, – расказала ўдзельніца вандроўкі, праўнучка Іосіфа Філідовіча Алена Чайкоўская. – Тым больш не змаглі мы парушыць гэту традыцыю ў год 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Сёлетнюю сямейную акцыю вырашылі назваць “Памятаем, паважаем, шануем нашых продкаў і перадаём памяць”, а лейтматывам падарожжа паслужыла фраза аб тым, што “гістарычная памяць дзяржавы пачынаецца з гісторыі сям’і”. Ажыццявіць вандроўку па мясцінах Дзятлаўшчыны, звязаных са слаўнай біяграфіяй прадзеда Іосіфа Юр’евіча, сабраліся 18 чалавек ва ўзросце ад двух да 59 гадоў. Сярод іх былі кроўныя нашчадкі героя: чатыры праўнукі і сем двойчы праўнукаў, а таксама члены іх сем’яў.

Адпраўной кропкай маршруту для сям’і ліпічанскага Сусаніна стаў помнік знакамітаму продку ў горадзе Дзятлаве, да падножжа якога вандроўнікі ўсклалі кветкі. Перш чым рушыць у дарогу, удзельнікі сямейнага аўтапрабегу ўзгадалі важныя факты, звязаныя з подзвігам і далейшым захаваннем памяці дзеда Іосіфа. Варта адзначыць, што на Дзятлаўшчыне яго гісторыя “жыве” не толькі ў мемарыяле, але і назве вуліцы райцэнтра, музейных экспанатах, імя партызанскага сувязнога-земляка носіць сярэдняя школа № 3 горада Дзятлава, а інтэрнэт-праект “Я – праўнук ліпічанскага Сусаніна” Данііла Івашэвіча ў Год гістарычнай памяці стаў пераможцам рэспубліканскага моладзевага фестывалю-конкурсу “Медыясфера-2022” і дыпламантам ІІ ступені заключнага этапу рэспубліканскага конкурсу камп’ютарных распрацовак патрыятычнай скіраванасці “Патрыёт.by”.

Наступным прыпынкам на маршруце стала вёска Шаршні, дзе знаходзіцца магіла Іосіфа Юр’евіча. Каля месца вечнага спачыну продка ўспамінамі падзяліўся Мікалай Філідовіч – сын Фёдара, яшчэ аднаго ўдзельніка тых трагічных ваенных падзей. Бацька пры жыцці неаднойчы расказваў Мікалаю, як яго, хлапчука, у снежні 1942 года на хутары катавалі немцы, вымушаючы дзеда Іосіфа выдаць каардынаты партызанскага шпіталя. На дванаццацігадовым падлетку пасля такога “дазнання” не засталося жывога месца, а Іосіф Юр’евіч прыняў для сябе канчатковае рашэнне – падманам адвесці ворагаў у дрыгву. Магілу жонкі ліпічанскага Сусаніна, якую немцы таксама забілі ў трагічны снежаньскі дзень, вандроўнікі не змаглі адшукаць на могілках, зрабіўшы для сябе выснову, што ў іх сямейным летапісе яшчэ сустракаюцца белыя плямы. Аднак парадавала тое, што найбольш цікавасці да разгадкі мінулага праяўляла менавіта малодшае пакаленне.

Месца былога хутара Філідовічаў, дзе сёння стаіць вялікі камень з памятнай шыльдай, стала трэцяй кропкай маршруту. Там сям’я зладзіла невялікі пікнік, падсілкавалася чаем, каб папоўніць сілы для далейшай дарогі. А яна вяла ў Ліпічанскую пушчу, дзе вандроўнікі пафатаграфаваліся каля “Звязды” – так турысты называюць уваходную групу на шляху да месца былога шпіталя. Да ранейшай стаянкі партызан прысутных адвёў Мікалай Філідовіч, які неаднойчы хадзіў “сцежкай сямейнай памяці” разам са сваім бацькам Фёдарам, пакуль той быў жывы. Каля няроўнасцяў ад шпітальных зямлянак (восем дзесяцігоддзяў наклалі свой адбітак на мясцовасць) нашчадкі героя яшчэ раз “дакрануліся” да ваеннай гісторыі, паразважалі, як няпроста жылося партызанам, якой цаной для будучых пакаленняў беларусаў было заваявана мірнае неба.

Скончылася вандроўка ў “радавым гняздзе”, у вёсцы Чырвоны Бор, дзе жыве Яўгенія Філідовіч, мама, бабуля, прабабуля вандроўнікаў. Яўгенія Уладзіміраўна на сёння самая старэйшая прадстаўніца роду. Сустрэла яна сям’ю шчодра накрытым сталом, за якім прадоўжыліся ўспаміны і цёплыя размовы.
– Мы шчаслівыя і ганарымся, што ажыццявілі вандроўку ў сямейнае мінулае, – падкрэсліла Алена Чайкоўская. – Традыцыю будзем прадаўжаць, каб наступныя сямейныя пакаленні таксама ведалі пра свае карані, знакамітых продкаў, якія набліжалі Перамогу над фашызмам.
Ірына СТЫРНІК
Фота ўдзельнікаў вандроўкі
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga