У Парэцкім сельвыканкаме пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Вадзіма Бяляткі прайшло пасяджэнне мясцовага савета грамадскага пункта аховы правапарадку, сумешчанае з выязным кірмашом вакансій і пасяджэннем камісіі райвыканкама па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва.
Як заўжды ў цэнтры ўвагі былі пытанні працаўладкавання беспрацоўных жыхароў сельсавета, прафілактыкі сямейнага недабрабыту і п’янства, у тым ліку сярод тых, хто заняты, але дапускае прагулы з-за алкаголю.

Раённыя службы прафілактыкі прадстаўлялі намеснік начальніка аддзела па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Савань, галоўны спецыяліст упраўлення Святлана Латушка, доктар-нарколаг Дзятлаўскай ЦРБ Барыс Отчык. Інтарэсы наймальніка – спецыялісты мясцовага КСУП “Хвінявічы”.


На пасяджэнне прыйшлі адзінаццаць чалавек. Безумоўна, гэта не ўсе жыхары сельсавета, якія знаходзяцца на пільным кантролі службаў прафілактыкі. Размова з кожным з іх ладзілася ў індывідуальным фармаце, бо менавіта ён дазваляе атрымаць найбольш поўную інфармацыю пра чалавека, выслухаць яго, падабраць самыя прыдатныя прапановы наконт работы або спосабы выхаду са складанай жыццёвай сітуацыі. Заадно ўсім, хто прыйшоўшым падрабязна тлумачылі, што іх чакае, калі і надалей прадоўжаць злоўжываць спіртным і весці амаральны лад жыцця.


Сітуацыі былі разгледжаны розныя. Жанчыну, якая з-за п’янак праз суд пазбавіла сына дзеяздольнасці, папрасілі сабраць дакументы на апякунства. Калі маці яго аформіць і будзе сачыць за правільным выкарыстаннем заробленых сынам грошай, ён, магчыма, не трапіць у лячэбна-працоўны прафілакторый, бо адміністрацыйныя парушэнні ў нецвярозым стане ўжо ўчыняў.
Разгледжаны паводзіны некалькіх работнікаў гаспадаркі, якія з-за згубнай звычкі пэўны час не з’яўляліся на свае працоўныя месцы. Сумна, але рэкардсменкай па дапушчаных прагулах стала жанчына. За аднаго мужчыну, пакуль ён знаходзіўся ў запоі, працоўныя абавязкі выконвала пажылая маці. Кожны з прагульшчыкаў паабяцаў неадкладна выйсці працаваць. За праўдзівасцю гэтых слоў прасочыць участковы інспектар міліцыі. Хто падмануў, рызыкуе ў хуткім часе “зарабіць” сабе пуцёўку ў ЛПП.


За некаторымі з гэтых гора-работнікаў замацавана ведамаснае жыллё, наймальнік з адказнасцю паклапаціўся аб камфорце іх бытавых умоў, своечасова выплачвае заработную плату. На жаль, пры паступленні грашовых сродкаў якраз і пачынаюцца п’яныя прыгоды. Людзі не адчуваюць адказнасці за давераную ім справу, падводзяць калег, начальства, якім даводзіцца не толькі пераразмяркоўваць працоўныя абавязкі прагульшчыка, але і адшукваць, куды ён падзеўся. Такога быць не павінна.
Жыццёвая гісторыя пажылой жанчыны, якая прапісана ў абласным цэнтры, таксама тычылася выдзеленай гаспадаркай кватэры. Пенсіянерка пакінула свае жылыя метры дачцэ, а сама знаходзіцца на Дзятлаўшчыне. Камунальныя паслугі аплачвае спраўна, аднак прымае і гасцей з асацыяльнымі паводзінамі. Участковы інспектар міліцыі строга ўказаў бабулі: ператварыць ведамаснае жыллё ў прытон ён не дазволіць, тым больш што дачка даўно чакае яе дома. На вяртанне ў сям’ю жанчыне далі два тыдні, калі ж такі варыянт не задавальняе, ёй могуць прадаставіць месца ў сацыяльнай ўстанове з пастаянным знаходжаннем.



Знайсці сябровак без шкодных звычак параілі і шматдзетнай маці. Дадаткова яе паводзіны і ўмовы жыцця дзяцей будуць разгледжаны на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама.
Яшчэ некалькім мясцовым жыхарам, якія на працягу апошніх гадоў нідзе не працуюць, пад роспіс прапанавалі прыдатныя вакансіі ў КСУП “Хвінявічы”. Іх працаўладкаванне застанецца на далейшым кантролі. Зразумела, што летам у сельскай мясцовасці людзі карыстаюцца магчымасцю зарабіць на ягадах і грыбах, але што яны будуць рабіць зімой?






Напрыканцы пасяджэння Вадзім Бялятка падвёў вынікі работы. Ён падкрэсліў, што задача раённых службаў – дайсці да кожнага не занятага ў эканоміцы. Гэта няпроста, але працаздольныя грамадзяне павінны працаваць, прыносіць карысць сабе і дзяржаве.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga