Бяспека ў домаўладаннях дзятлаўчан і на палях сельгаспрадпрыемстваў, раслінаводства, Адзіны дзень інфармавання, рамонт будынкаў сацыяльнай сферы – на гэтыя і іншыя тэмы гаварылі на нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.
Рэйды і маніторынгі
На мінулым тыдні пажараў у раёне не зафіксавана. Што датычыцца прафілактычнай дзейнасці, супрацоўнікі Дзятлаўскага РАНС наведвалі домаўладанні катэгарыраваных груп грамадзян, у 10 выяўлены парушэнні пажарнай бяспекі, па выніках праверкі дзецям непрацаздольных бацькоў накіраваны адпаведныя лісты-папярэджанні, па адным домаўладанні прыменены меры адміністрацыйнага ўздзеяння.
Прадаўжаюцца рэйды па аб’ектах уборачнай кампаніі, з боку ратаўнікоў заўваг пакуль няма.
Старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі адзначыў, што супрацоўнікам РАНС неабходна быць асабліва патрабавальнымі ў цяперашні час, паколькі тэхніка працуе ў палях, на зернесушыльных комплексах актыўна ідзе сушка азімага ячменю.
Дарэчы, гаспадаркі “Хвінявічы”, “Жукоўшчына”, “Войневічы”, “Граніт-Агра” ўжо падалі заяўкі на прыкрыццё тэхнікі на ўборцы зерня.
П’янству – бой
Маніторынг па сельскагаспадарчых аб’ектах вядуць і праваахоўнікі. Шмат увагі надаецца выкананню працоўнай дысцыпліны работнікамі прадпрыемстваў.
Як адзначыў начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Вадзім Шчурскі, правільную пазіцыю займаюць і адказныя супрацоўнікі гаспадарак, якія і самастойна, і сумесна з міліцыянерамі выязджаюць на кантрольныя праверкі – колькасць фіксацый работнікаў у стане алкагольнага ап’янення зніжаецца.
Калі па раёне сітуацыя кантралюемая, то са “злачнымі” месцамі ў горадзе “барацьба” пакуль вядзецца слаба.
– Бутэлькі з-пад алкаголю на абочынах дарог, у паркавых зонах райцэнтра гавораць аб тым, што работа ўчастковых не прыносіць належнага выніку. Неабходна дадаць “праваахоўных сіл” для навядзення парадку, – адзначыў Андрэй Садоўскі.
Зярнятка да зярнятка
У сельскай гаспадарцы на першым плане – уборачная кампанія. Надвор’е сваволіць штодня, аграрыям прыходзіцца вылоўліваць “сухія” гадзіны, каб выпускаць камбайны ў палі, аднак работа ідзе, загружаюцца зернесушыльныя комплексы, першыя тоны ўраджаю сыплюцца ў зернесховішчы гаспадарак.
На бягучым тыдні праходзіць традыцыйны штогадовы аб’езд пасеваў. У ім прымаюць удзел спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, раённай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і абароне раслін, кіраўнікі і галоўныя аграномы гаспадарак Дзятлаўшчыны. Члены камісіі ацэньваюць стан пасеваў, звяртаюць увагу на выкананне нормы высеву, аптымальнай гушчыні і выраўнаванасць раслін, унясенне мінеральных угнаенняў, правядзенне хімахоўных работ, узворванне і ўвядзенне ў гаспадарчы абарот патэнцыйна ўрадлівых і пустуючых земляў, якія прылягаюць да сельскагаспадарчых аб’ектаў, якасць сяўбы і іншае. Таксама ўдзельнікі аб’езду дзеляцца асабістым вопытам па вырошчванні розных сельскагаспадарчых культур.
Іншыя тэмы коратка
17 ліпеня на Дзятлаўшчыне пройдзе Адзіны дзень інфармавання насельніцтва. З калектывамі прадпрыемстваў і арганізацый сустрэнуцца абласная і раённыя інфармацыйныя групы. Размова пойдзе па тэмах: Беларусь суверэнная: ад аднаўлення народнай гаспадаркі да інавацыйных праектаў будчыні; процідзеянне і прафілактыка злачыннасці, звязанай з замахам на палавую недатыкальнасць і палавую свабоду непаўналетніх; бяспека на вадзе, правілы паводзінаў у лесе, прафілактычная акцыя “Бяспечныя канікулы”.
****
На бягучым тыдні завяршае работу школьны летнік на базе сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы. На наступным школьнікі будуць адпачываць, аздараўлівацца ў стацыянарным летніку на базе Дварэцкай сярэдняй школы і палатачным – на базе Круцілавіцкай сярэдняй школы.
****
РУП ЖКГ пастаўлена задача актыўна весці абкошванне вуліц і паркавых зон, спальных раёнаў шматпавярховых дамоў. На нарадзе адзначылі, што арганізацыі і прадпрыемствы дапамагаюць у навядзенні парадку, камунальнай службе варта яго падтрымліваць.
****
На пастаянным кантролі кіраўніка раёна тэмы продажу пустуючых аб’ектаў і зносаў струхлелых будынкаў. Напрыклад, сёлета плануецца ўбраць чатыры дамы ў Дзятлаве, пакуль работы праведзены толькі па адным з іх. Тры буйныя аб’екты райцэнтра “загружаны” на аўкцыён.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga