Кожны год – рамонт мінімум адной дваровай тэрыторыі ў горадзе, пасёлку або аграгарадку. Такі негалосны план-місію ўсклаў на сябе калектыў Дзятлаўскага РУП ЖКГ.
– Па словах мясцовых жыхароў, уладкаванне дваровай тэрыторыі паміж шасцю шматкватэрнымі дамамі па вуліцах Снітко, Дзятлаўскай, Чырвонаармейскай у Наваельні праводзілася каля сарака гадоў таму, з таго часу яе капітальнага рамонту не ажыццяўлялася, – расказаў дырэктар Дзятлаўскага РУП ЖКГ Васіль Пяцюк. – За дзесяцігоддзі выраслі і сталі аварыйнымі дрэвы, разраслося кустоўе, з’явіліся стыхійныя агароды пасярод двара. З кантэйнернымі пляцоўкамі і выдзеленымі месцамі для паркоўкі аўтамабіляў таксама былі пытанні. Нават абрысы дарогі і тратуараў былі невыразнымі: пашкоджаны бартавыя камяні, назіраліся прасадкі і разбурэнні асфальтавага пакрыцця, водаадвод з двара ажыццяўляўся некарэктна. Усё гэта мы ўлічылі, калі рыхтавалі праектную дакументацыю, і выправілі.


Васіль Васільевіч адзначыў, што дваровая тэрыторыя ў Наваельні плошчай каля 3,2 тысячы квадратных метраў, якую рэканструявалі сёлета, стала самым вялікім падобным праектам на Дзятлаўшчыне за апошняе пяцігоддзе. Яго стварэнне і рэалізацыя каштавалі каля 570 тысяч рублёў, выдзеленых з раённага бюджэту. Падрадчыкам выступіла ўпраўленне спецыяльных работ ААТ “Будкомплекс”, укладку асфальту правяло ДРБУ-119. Акрамя таго, у двары з’явіліся 39 парковачных месцаў для асабістага транспарту (чатыры з іх – для інвалідаў).


Нават “няўзброеным” вокам відаць: на тэрыторыі праведзена сур’ёзная работа па добраўпарадкаванні, якая цяпер знаходзіцца на завяршальнай стадыі. Камунальнікам засталося аформіць кантэйнерную пляцоўку, усталяваць асвятляльныя мачты і лавачкі, а пасялкоўцам – жыць з задавальненнем у родным абноўленым двары.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#годблагоустройства #дом #двор