Мы жывём у Год добраўпарадкавання – лепшы час звярнуць увагу навокал і зрабіць малую радзіму больш утульнай, прыгожай. На рэспубліканскім і раённым узроўнях робіцца нямала ў сферы добраўпарадкавання, аднак тое ж патрабуецца і ад саміх людзей.
Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 16 мая 2025 года № 267 скарэкціраваны Правілы добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў. Мэта – аб’яднаць намаганні дзяржавы, арганізацый усіх формаў уласнасці і грамадзян для навядзення парадку на зямлі, фарміравання эстэтыкі населеных пунктаў на ўсёй тэрыторыі краіны.
Згодна з абноўленымі правіламі, гаспадары абавязаны падтрымліваць у тэхнічна спраўным стане будынкі, гаспадарчыя пабудовы і агароджы, у тым ліку фарбаваць, рамантаваць іх, замяняць пашкоджаныя канструкцыі. Не дапускаецца адхіленне ад вертыкалі больш чым на 10 градусаў.
Таксама дакумент рэгламентуе абавязкі ўтрымання будаўнічых матэрыялаў на тэрыторыі зямельнага ўчастка ў складзеным стане, уборкі тэрыторый ад будаўнічага і выпадковага смецця, выдалення сухой расліннасці не менш за два разы на год.
Не варта забываць пра вядомы ўсім баршчэўнік Сасноўскага і іншыя інвазіўныя расліны, якіх на прысядзібным участку быць не павінна.
Змяніліся і правілы высадкі культурных раслін (дрэў, кустоў) у адносінах да суседзяў: цяпер высакарослыя расліны (якія дасягаюць у дарослым стане больш за 3 метры) можна высаджваць не менш за 3 метры ад суседняга ўчастка; сярэднярослыя (да 3 метраў) – не менш за 2 метры; нізкарослыя (да 2 метраў) – не менш за 1 метр.
Гаспадары ўчасткаў будуць мець адказнасць не толькі за сваю тэрыторыю, але і землі агульнага карыстання. Цяпер належыць прыбіраць тэрыторыю да тратуара (у выпадку яго адсутнасці – да мяжы праезнай часткі вуліцы, дарогі), па астатніх баках зямельнага ўчастка – да суседняга зямельнага ўчастка, але не больш за 10 метраў. За парушэнне архітэктурнага рашэння фасада будынка ці збудавання, а менавіта яго самавольную перабудову, фарбаванне, замену балконаў, устаноўку спадарожнікавых і іншых антэн на фасадах, балконах, лоджыях, дахах жылых дамоў, іншых будынкаў, збудаванняў і агароджаў прадугледжана адміністрацыйная адказнасць.
Перад раённым цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі стаіць сур’ёзная задача: зрабіць так, каб абноўленае заканадаўства стабільна працавала на практыцы. Для гэтага трэба прыцягнуць грамадзян для правядзення мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні і выкананні работ па падтрыманні належнага санітарнага стану на тэрыторыях, прылеглых да іх зямельных участкаў, уласнымі сіламі. Сёння важна дакладна вызначыць межы тэрыторый, якія трапляюць у сферу адказнасці грамадзян, каб у далейшым не ўзнікала спрэчных пытанняў.
– За студзень-май 2025 года ў саставе рабочай групы абследавана 122 тэрыторыі ў час васьмі сумесных выхадаў, выяўлена 31 парушэнне. Наглядавымі мерапрыемствамі ахоплены 1228 аб’ектаў у населеных пунктах, парушэнні санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў выяўлены на 279 (22,7 %). У органы ўлады і ведамствы накіравана 129 інфармацый, 36 прадпісанняў па навядзенні парадку на зямлі. Прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці 14 адказных асобаў.
Заклікаем усіх жыхароў, кіраўнікоў установаў, арганізацый і прадпрыемстваў Дзятлаўскага раёна прыняць актыўны ўдзел у мерапрыемствах па навядзенні парадку. Толькі разам можна зрабіць наш горад і раён чыстым, прыгожым і ўтульным, – адзначыла галоўны санітарны доктар Дзятлаўскага раёна Алена Шайбак.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga