Дзятлаўскае раённае аддзяленне партыі “Белая Русь” узначаліў Аляксандр Бараноўскі.
Ён падзяліўся сваім меркаваннем наконт ролі Беларускай партыі “Белая Русь” у палітычным жыцці краіны, перспектыў далейшай дзейнасці.
– Партыйнае будаўніцтва ў Беларусі пачалося адносна нядаўна, Беларуская партыя “Белая Русь” была зарэгістравана 2 мая 2023 года. Яна “вырасла” з аднайменнага грамадскага аб’яднання, якое працавала ў рэспубліцы з 2007 года і таксама прадаўжае функцыянаваць. Нягледзячы на непрацяглае існаванне, партыя “Белая Русь” аўтарытэтная і вядомая ў палітычным полі, многія нашы аднапартыйцы выбраны дэпутатамі розных узроўняў, з’яўляюцца дэлегатамі Усебеларускага народнага сходу. Задачы партыі – прадстаўляць інтарэсы грамадзян, фарміраваць грамадскае меркаванне, удзельнічаць у выбарах, весці палітычны дыялог, ажыццяўляць палітычную асвету і сацыяльна значныя справы – зразумелыя для людзей, таму нас падтрымліваюць. Пры гэтым “Белая Русь” як палітычная сіла стваралася ў падтрымку Прэзідэнта пад дэвізам “За моцную квітнеючую Беларусь”. У яе адразу ўступілі людзі, якія ўсведамляюць, што нельга быць абыякавымі да гісторыі сваёй Айчыны, яе сучаснасці і будучыні. Безумоўна, у нас расце колькасць аднадумцаў, якія жадаюць жыць у моцнай самастойнай дзяржаве. У сваю чаргу, у цэнтры ўвагі партыі – пытанні дабрабыту суайчыннікаў, іх сацыяльная бяспека, павышэнне якасці жыцця насельніцтва, апора на ўласны гістарычны вопыт і традыцыі, адстойванне інтарэсаў дзяржавы. Мы шануем сваю гістарычную і культурную спадчыну, выступаем за патрыятызм, сумленнае і адказнае стаўленне да працы, супрацоўнічаем з грамадскімі аб’яднаннямі, сумесна ладзім мерапрыемствы. Не заўжды шырока афішуем сваю дзейнасць, а вельмі важна, каб пра нас больш ведалі людзі, і гэта адна з задач надалей. У перспектыве таксама збіраемся прадоўжыць рэалізацыю асноўных праектаў на карысць людзей і краіны, рабіць усё, што ад нас залежыць, каб беларусы жылі пад мірным небам і з кожным годам наша Радзіма станавілася яшчэ мацнейшай і прыгажэйшай. Шмат увагі будзем звяртаць на палітычнае і патрыятычнае выхаванне моладзі, рыхтавацца да наступных выбараў, дапамагаць людзям вырашаць розныя пытанні праз нашых прадстаўнікоў у дэпутацкім корпусе, а таксама актыўна прыцягваць у партыю аднадумцаў.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga