У кожным хлебным бохане – праца не толькі нашых аграрыяў, але і меліяратараў, якія штогод уводзяць у севазварот новыя землі. У спецыялістаў Дзятлаўшчыны на падыходзе яшчэ адзін такі аб’ект, які ўжо сёлета прынясе карысць сельскай гаспадарцы, – рэканструкцыя на меліярацыйнай сістэме “Падвялікае”.


Каб пабачыць, як ідуць справы, накіроўваемся туды з адным з самых вопытных работнікаў прадпрыемства меліярацыйных сістэм майстрам Мікалаем Магуйлам.

– Пачалі працаваць тут у снежні мінулага года і да Дня вызвалення Беларусі павінны завяршыць работу і перадаць землі сельгаспрадпрыемству пад пасевы, – запэўнівае Мікалай Пятровіч, пакуль дабіраемся на аб’ект, і расказвае, як ідуць справы на ім. – Аб’ём работ – 69 гектараў земляў і 7 гектараў канала. На сёння выканана 21 тысяча кубічных метраў экскаватарных работ, пракладзена 19 кіламетраў дрэнажу, выдалена 35 гектараў хмызняку. Засталося выканаць культуртэхнічныя работы – дыскаванне і планіроўку.

На пытанне, якія складанасці былі ў працэсе, майстар запэўнівае, што меліяратары складанасцей не баяцца, ведаюць сваю работу, грунтоўна і паступова яе выконваюць. Тым больш што на гэты раз пашанцавала з геаграфіяй: дабірацца да месца трэба толькі кіламетраў 15, амаль побач з домам.

– Ездзілі, бывала, і па 140 кіламетраў у Карэліцкі раён, таксама прывыклі, – расказвае вадзіцель аўтобуса Леанід Карыба.
За яго плячыма больш за 40 гадоў вадзіцельскага стажу. Доўгі час ён працаваў у калгасе “Слава працы” і ўжо сёмы год – у меліярацыі. Работа яму падабаецца, тэхніка не падводзіць, што вельмі каштоўна ў рабоце меліяратараў.
– Гэтаму аўтобусу вытворчасці Курганскага аўтамабільнага завода амаль 20 гадоў, аднак ён акуратны, дагледжаны, таму і служыць доўга, – кажа ён. – Але многа ў прадпрыемства і новай тэхнікі, аўтапарк штогод абнаўляецца.
Леанід Казіміравіч на месцы не можа проста сядзець і чакаць брыгаду, займаецца справай разам з камандай.
На фінальным этапе на аб’екце не надта шмат тэхнікі і людзей, тут працуюць два бульдозеры, экскаватар і трактар. Аднак на пачатку работ, па словах майстра, тут бывала і 20 механізмаў адначасова.

– З дзясятак гадоў я ўжо ў меліярацыі, – расказвае Валерый Кавальчук, – працаваў на бульдозеры, касілцы, цяпер займаюся ворывам і дыскаваннем на трактары Беларус-1523. Настрой выдатны, бо працуем на прыродзе, аплата здзельна-прэміяльная, таму ёсць да чаго імкнуцца.

З нагоды прафесійнага свята мужчына жадае калегам моцнага здароўя, сонечных дзён і каб тэхніка не ламалася.
Мікалая Марцінчыка нядаўна яго можна было сустрэць у майстэрні на тэрыторыі прадпрыемства, а сёння – зноў у бой: працуе разам з іншымі, каб здаць аб’ект у эксплуатацыю ў ідэальным стане.

– Добра папрацуем, а ў суботу разам сустрэнем прафесійнае свята, – заўважае ён. – Хачу пажадаць усім, хто працуе ў меліярацыі, галоўнае – моцнага здароўя, астатняе адолеем.
Завяршаюцца работы на гэтым аб’екце, а меліяратараў ужо чакае новы – у Зачэпічах.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#Дятловщина #нашелучшее #нашалепшае