Напярэдадні Міжнароднага дня абароны дзяцей на базе сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча і Дварэцкай сярэдняй школы былі адкрыты шматфункцыянальныя спартыўныя пляцоўкі, пабудаваныя ў рамках рэалізацыі маштабнага рэспубліканскага сацыяльнага праекта “Спорт для ўсіх”, ініцыяванага Прэзідэнцкім спартыўным клубам. Абсталяванне прадаставіў клуб, сродкі на ўладкаванне пляцовак былі выдзелены з раённага бюджэту.








Удзел ва ўрачыстай цырымоніі прынялі прадстаўнікі адміністрацыі раёна, сфераў адукацыі, спорту і турызму, педкалектывы, школьнікі.


– Адкрыццё такіх спартыўных пляцовак – значная падзея для нашага раёна, – адзначыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі. – Хочацца спадзявацца, што на іх будуць расці нашы алімпійскія надзеі. Думаю, што дзіцячыя, ды і дарослыя галасы тут павінны гучаць да позняга вечара. У нашай краіне робіцца шмат для таго, каб людзі раслі здаровымі, шчаслівымі. Віншую ўсіх і напярэдадні Дня абароны дзяцей жадаю дабрабыту, шчасця і моцнага здароўя, якое будзеце ўмацоўваць на гэтых пляцоўках.



– Хачу падзякаваць кіраўніцтву раёна за тое, што падтрымала ініцыятыву Прэзідэнцкага спартыўнага клуба “Спорт для ўсіх” па ўзвядзенні такіх цудоўных пляцовак, – прадоўжыў начальнік упраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Максім Малахоўскі. – Гэтыя аб’екты дадуць больш магчымасцяў для актыўных заняткаў фізкультурай і спортам, баўлення вольнага часу, палепшаць правядзенне ўрокаў фізкультуры. Упэўнены, пляцоўкі не застануцца пустымі, на іх пастаянна будуць займацца не толькі дзеці, але і іх бацькі, умацоўваць сваё здароўе. Магчыма, хто-небудзь з прысутных школьнікаў вырасце вялікім спартсменам і ўзыдзе на п’едэстал Алімпійскіх гульняў. Памятайце, што шлях да вялікага спорту пачынаецца менавіта з такіх пляцовак. Хачу адзначыць, што гэты праект на тэрыторыі Гродзенскай вобласці рэалізуецца ўжо трэці год і будзе працягвацца, спартыўная інфраструктура будзе развівацца.



Традыцыйную чырвоную стужку на ўваходах на спартыўныя пляцоўкі перарэзалі Аляксандр Бараноўскі, Максім Малахоўскі і дырэктары школ Іван Кібінь і Наталля Болтач.



Кіраўнікі школ шчыра падзякавалі Прэзідэнцкаму спартыўнаму клубу, Гродзенскаму аблвыканкаму, раённаму выканкаму, аддзелу адукацыі за цудоўны і карысны падарунак для навучэнцаў. Заклікалі не толькі актыўна займацца спортам, адпачываць тут, але і берагчы, захоўваць на доўгія гады.



Быў здзейснены і старадаўні алімпійскі абрад, каб спартыўныя пляцоўкі дапамагалі расціць чэмпіёнаў: права першага кідання мяча ў баскетбольнае кальцо прадаставілі госцю – Максіму Малахоўскаму.










На гэтым урачыстая цырымонія скончылася, аднак хочацца спадзявацца, што шматфункцыянальныя спартыўныя пляцоўкі падорыць усім, хто будзе іх наведваць, шмат прыемных і карысных для здароўя хвілін.










Святлана ГРЫШЫНА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#Дятловщина #нашелучшее #нашалепшае #спорт