Творчы калектыў сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці працягвае свае віншавальныя маршруты па Дзятлаўскім раёне. Наведаліся ў вёску Пацавічы, каб павіншаваць з 90-гадовым юбілеем Кацярыну Макарчык. Доўгажыхарка падзялілася з гасцямі сакрэтам даўгалецця, расказала пра сваё жыццё.



Нарадзілася жанчына ў сям’і шматдзетных сялян. Калі пачалася вайна, Кацярыне было 6 гадоў, і некаторыя моманты таго страшнага часу засталіся ў памяці дзяўчынкі на ўсё жыццё. Запомніла, як фашысты хацелі спаліць дом і хлеў пры вобыску, падазраючы ў сувязі з партызанамі бацьку, а Уладзімір Іванавіч сапраўды быў з імі звязаны – забяспечваў збожжам, мукой, паколькі быў млынаром. Памятае, як быў налёт варожай авіяцыі, і мама ўсіх дзяцей хавала пад ложкам: яны ляжалі на саломе, абкладзеныя падушкамі. Расказвае, як падманам мама не дазволіла забраць у Германію старэйшую сястру Марыю. Усіх дзяцей пасадзіла на ложак побач з сабой, а Марыю – на свае калені і прыкрыла радзюжкай, каб дзяўчынка здавалася маленькай. Не забыць, як уся сям’я хавалася ў бульбяной яме некалькі дзён без ежы і вады, начамі прыціскаючыся адзін да аднаго, каб не змерзнуць…

Дзяцінства было цяжкім. Дзяўчынцы ўдалося скончыць усяго 4 класы Казлоўшчынскай школы, а далей пачалася працоўная дзейнасць, у асноўным у сферы будаўніцтва. Замуж выйшла Кацярына за хлопца з суседняй вёскі Нянадавічы, Міхаіл таксама працаваў будаўніком. Пражыла сямейная пара амаль 30 гадоў, у іх нарадзілася дачка Марына, якая цяпер жыве з сям’ёй у Казлоўшчыне. Кацярына Уладзіміраўна мае дзвюх унучак і трох праўнукаў.


– Ні хвіліначкі не магу сядзець без справы. Гаспадарку ўжо не трымаю, але з сястрой Алінай, якая жыве са мной, з раніцы знаходзім сабе занятак. Вяжам шкарпэткі, рукавічкі сабе, дзецям, унукам. Не ведаю, як будзе ў гэтым годзе, а раней увесь сезон хадзілі ў лес па грыбы ды ягады. Шмат успамінаем разам пра сваё жыццё, нагадваем адна адной выпадкі з нашага мінулага. Вельмі люблю спяваць. Але калі строга трымаю пост, то не спяваю, многа малюся, дарэчы, прыслужвала ў Казлоўшчынскай царкве больш за 20 гадоў. Колькі сябе памятаю, пашчуся кожную сераду і пятніцу, тады ні мяса, ні малака не ўжываю. Можа, таму і пражыла да 90 гадоў. Раю ўсім людзям ва ўзросце больш ужываць поснай ежы. Ды і маладым будзе карысць ад пастоў. Жадаю ўсім здароўя, міру і дабра, – такімі ўспамінамі падзялілася юбілярка.
Святлана ГРЫШЫНА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga