На Дзятлаўшчыне прайшоў раённы злёт-конкурс юных інспектараў дарожнага руху, у якім прынялі ўдзел восем каманд школ раёна.

Арганізатарамі мерапрыемства сталі міжраённы аддзел ДАІ па абслугоўванні Слонімскага, Дзятлаўскага і Зэльвенскага раёнаў, аддзел адукацыі райвыканкама.

У двары сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава каманды сабраліся на ўрачыстую лінейку, дзе арганізатары яшчэ раз нагадалі правілы спаборніцтваў.

– Вітаем усіх удзельнікаў раённага злёту-конкурсу юных інспектараў дарожнага руху, жадаем кожнаму з вас праявіць сябе, паказаць тэарэтычныя і практычныя веды, творчыя здольнасці. Лепшая каманда будзе прадстаўляць Дзятлаўскі раён на абласным конкурсе, які пройдзе ў горадзе Гродне 6 мая. Поспехаў вам усім, і няхай пераможа мацнейшы, – звярнуўся да навучэнцаў старшы дзяржаўтаінспектар міжраённага аддзела ДАІ Алег Ляўкевіч.

Пасля жараб’ёўкі юныя інспектары дарожнага руху прыступілі да конкурсных этапаў. Яны прадэманстравалі веданне абноўленых правілаў дарожнага руху, веды па аказанні першай медыцынскай дапамогі, паказалі сваё майстэрства ў фігурным кіраванні веласіпедам, а таксама творчыя здольнасці ў агітацыйна-мастацкім прадстаўленні і падрыхтоўцы тэматычных насценгазет, выпуск якіх быў дамашнім заданнем для каманд. На кожным з этапаў спаборніцтваў веды і зладжаную работу юных інспектараў дарожнага руху ацэньвала журы на чале са старшым дзяржаўтаінспектарам Алегам Ляўкевічам.

Супрацоўнікі ДАІ пасля падвядзення вынікаў пахвалілі каманды за грунтоўную падрыхтоўку і добрыя веды, але і заўважылі, што некаторым яшчэ ёсць над чым працаваць, таму наступны раз чакаюць ад усіх яшчэ лепшай падрыхтоўкі. Заклікалі заўжды выконваць правілы дарожнага руху, каб засцерагчыся ад небяспекі на дарозе.

Самыя трывалыя веды правілаў дарожнага руху прадэманстравалі юныя інспектары з сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы, на другім месцы – знаўцы Казлоўшчынскай сярэдняй школы, трэція – каманда Гезгалаўскай сярэдняй школы імя М. І. Нядзеліна.

У конкурсе “Фігурнае кіраванне веласіпедам” таксама не было роўных веласіпедыстам сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы, крыху саступілі ім юныя інспектары з Дварэцкай сярэдняй школы, трэцімі сталі навучэнцы Казлоўшчынскай сярэдняй школы.

У намінацыі “Агітацыйна-мастацкае прадстаўленне” першае месца аддалі навучэнцам сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы, на другім месцы – Хвінявіцкая сярэдняя школа, на трэцім – каманда Гезгалаўскай сярэдняй школы імя М. І. Нядзеліна.

Лепшыя веды па аказанні першай медыцынскай дапамогі паказала каманда Казлоўшчынскай сярэдняй школы, другое месца – у Хвінявіцкай сярэдняй школы, трэцяе – Гезгалаўскай сярэдняй школы імя М. І. Нядзеліна.

Самую цікавую тэматычную насценгазету выпусцілі навучэнцы Новаяльнянскай сярэдняй школы А. А. Шаўчук, на другой пазіцыі – сярэдняя школа № 3 горада Дзятлава І. Ю. Філідовіча, трэцяе месца прысудзілі сярэдняй школе № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы.

Па выніках усіх пройдзеных іспытаў тытул чэмпіёнаў злёту-конкурсу чарговы раз пацвердзілі інспектары дарожнага руху сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы, 2-е месца дасталося камандзе Казлоўшчынскай сярэдняй школы, 3-е – Дварэцкай сярэдняй школе. Юныя інспектары дарожнага руху атрымалі дыпломы пераможцаў і прызёраў, а таксама памятныя падарункі ад спонсараў мерапрыемства – раённых арганізацый грамадскіх аб’яднанняў “БРСМ” і “Белая Русь”, Дзятлаўскага ПМС.

Святлана ГРЫШЫНА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#образование #нашелучшее #нашалепшае #Дятловщина  #ГАИ

Похожие публикации