17 красавіка на Дзятлаўшчыне прайшоў Адзіны дзень інфармавання насельніцтва. Працавала некалькі інфармацыйна-прапагандысцкіх груп.

Абласная група пад кіраўніцтвам першага сакратара Гродзенскага абласнога камітэта БРСМ Андрэя Есіна сустрэлася з калектывам санаторыя “Радон” ААТ “Белаграздраўніца”.
Галоўнай тэмай абмеркавання стала надыходзячая юбілейная дата – 80-годдзе Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Для беларусаў праўда і памяць аб тых падзеях мацнейшыя за час і не маюць межаў. Як адзначаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, у нашай гісторыі нямала яркіх старонак, якімі мы па праве ганарымся. Не ўсе з іх захавалі сваю значнасць да нашых дзён, аднак ёсць даты і падзеі, якія нясуць у сабе разуменне сутнасці і праўду жыцця. Яны непадуладны часу і абставінам, перадаюцца праз пакаленні з малаком маці, аберагаюць ад памылак і дапамагаюць будаваць будучыню. Для беларусаў такой падзеяй стала Перамога савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Андрэй Есін падкрэсліў, што гэта падзея навучыла беларусаў свята берагчы сваю родную зямлю, абараняць яе цаной уласнага жыцця і самааддана адстойваць праўду. Як нашы продкі не сталі на калені перад ворагамі тады, так і мы не будзем схіляць галаву перад імі сёння.
Андрэй Генадзьевіч зрабіў экскурс у гісторыю гэтай крывавай вайны і гераічнага подзвігу савецкіх людзей у барацьбе за сваю Айчыну. Ён расказаў, як у сучасным грамадстве захоўваецца памяць аб Вялікай Перамозе і якія патрыятычныя мерапрыемствы рэалізуюцца ў нашай краіне. Прадаўжаецца расследаванне справы аб генацыдзе беларускага народа, распачатай Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь. У кожным рэгіёне краіны, кожным сельскім савеце кіраўнікі, мясцовыя жыхары і валанцёры беражліва даглядаюць помнікі і пахаванні часоў Вялікай Айчыннай вайны. Істотнымі перыядычнымі выплатамі з дзяржаўнага бюджэту адзначаюцца ветэраны вайны, былыя малалетнія вязні фашысцкіх канцлагераў. У Беларусі паспяхова рэалізуюцца дзясяткі тэматычных праектаў, адзін з іх – “Кветкі Вялікай Перамогі”. Да яго можа далучыцца кожны, хто да Дня Перамогі ўпрыгожыць сваё адзенне бутаньеркай з пераможным яблыневым цветам і дзяржаўнай сімволікай. Таксама ў нашай краіне створаны ўнікальны праект “Партызаны Беларусі”, дзе можна знайсці ўзнагародныя лісты сваіх блізкіх, баявыя шляхі партызанскіх атрадаў і злучэнняў, прасачыць лёсы родных. Моладдзю Гродзенскай вобласці распрацоўваецца ініцыятыва па аблічбаванні помнікаў Вялікай Айчыннай вайны.

У плане ўшанавання памяці і даследчыцкай работы наладжана плённае супрацоўніцтва з Расійскай Федэрацыяй, адзін з грунтоўных яго праектаў – “Цягнік Перамогі”, які ў хуткім часе адправіцца ў чарговы святочны рэйс.

Начальнік АУС райвыканкама Вадзім Шчурскі нагадаў прысутным аб праблемах экстрэмізму і распаўсюджвання нацызму, а таксама барацьбе з імі і прафілактыцы такіх правапарушэнняў. Ён узгадаў, што ў апошнія гады гэта праблема набыла большую актуальнасць, асабліва ў моладзевым асяроддзі, папрасіў землякоў быць уважлівымі, удумліва ставіцца да навінаў у месенджарах і сацыяльных сетках, каб не скампраметаваць сябе і блізкіх, абавязкова цікавіцца жыццём і вольным часам сваіх непаўналетніх дзяцей.


На жаль, па ранейшаму актуальнай у рэгіёне застаецца праблема росту пажараў. З пачатку года ў Гродзенскай вобласці іх адбылося 275, загінуў 21 чалавек. На Дзятлаўшчыне сёлета зарэгістраваны чатыры пажары, загінуў адзін чалавек. Намеснік начальніка Дзятлаўскага РАНС Аляксандр Беленка чарговы раз звярнуў увагу на недапушчэнне выпальвання сухой расліннасці і выкананне правілаў бяспечнага адпачынку на прыродзе. Ён нагадаў, што актуальную інфармацыю аб пажаранебяспечнай сітуацыі ў раёне і дазволе на наведванне лясоў можна атрымаць у тэлефонным дадатку МНС “Дапамога побач”. Таксама там знойдзецца ўся актуальная інфармацыя па правілах пажарнай бяспекі.

У час Адзінага дня інфармавання не абышлі ўвагай балючую тэму хатняга гвалту і заклікалі кожнага прысутнага не заставацца раўнадушным да праблем суседзяў, знаёмых, не пакідаць дзяцей у бядзе, а аператыўна паведамляць аб праблеме ў аддзел адукацыі, сацыяльную службу або міліцыю.
Таксама ў гэты дзень працавалі інфармацыйныя групы старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага, намеснікаў старшыні райвыканкама.

























Наталля АВЯРЧУК
Фота Наталлі АВЯРЧУК, Ірыны СТЫРНІК, Святланы ГРЫШЫНАЙ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#власть