Першая нарада новага года ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага пачалася з віншаванняў з надышоўшымі святамі і фарміравання раённых планаў на 2025 год. Андрэй Уладзіміравіч пажадаў арганізацыям і прадпрыемствам Дзятлаўшчыны плённай, стваральнай працы, рэалізацыі самых смелых ідэй.
Вясна не заспее знянацку?
Рыхтаваць тэхніку да вясновых палявых работ 2025 года сельскагаспадарчыя прадпрыемствы раёна пачалі практычна адразу пасля завяршэння восеньскіх летась. Штосьці гаспадаркі рамантуюць самі, а дзе неабходна – з дапамогай спецыялізаваных заводаў. Цяпер вызначаюцца канчатковыя пералікі неабходных запчастак.
Займаюцца прадпрыемствы і ачысткай насення. Больш за 100 % кандыцыйнага насення зерневых маюць “АграМілк” і “Войневічы”. Работы прадаўжаюцца.
Вапнаванне глебы ўсімі гападаркамі выканана ў поўным аб’ёме, а вось па назапашванні мінеральных угнаенняў ёсць пытанні. Старшыня райвыканкама паставіў задачу паскорыць тэмпы.
Падведзены вынікі ў галіне жывёлагадоўлі. Годныя лічбы за 2024 год склаліся дзякуючы ўзмоцненай працы асобных гаспадарак. Увогуле па раёне сярэдні надой малака на карову склаў 6915 кілаграмаў (прыбаўка – 644 кілаграмы). У тройцы лідараў: ААТ “Граніт-Агра” – 7977 кілаграмаў на карову, СГФ “АграМілк” – 7295, “Хвінявічы” – 7255. Станоўчая тэндэнцыя ў вытворчасці малака ў бягучым годзе захоўваецца.
– Ёсць яшчэ адзін участак работы, попыт за які будзе асабліва жорсткім – папярэджанне падзяжу жывёлы і яе захаванасць, — падкрэсліў Андрэй Садоўскі, звяртаючыся да кіраўнікоў сельскагаспадарчых арганізацый, адказных службаў. – Ігнараванне тэхнічных рэгламентаў у сферы жывёлагадоўлі, невыкананне заатэхнічных і ветэрынарных правілаў і нормаў – прамы шлях да змяншэння статка. А такога быць не павінна.
(Падрабязней пра вынікі работы сельгаспрадпрыемстваў Дзятлаўшчыны ў галіне жывёлагадоўлі ў 2024 годзе чытайце ў бліжэйшым нумары “Перамогі”).
Аналізавалі лічбы статыстыкі “бяспекі”
На абласной нарадзе, якая папярэднічала раённай, былі агучаны даныя трагічных здарэнняў па ўсёй Гродзенскай вобласці за 2024 год па лініі ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях і дзяржаўтаінспекцыі.
Усяго летась 12 029 разоў ратаўнікі выязджалі на аказанне дапамогі насельніцтву; 54 чалавекі загінулі на пажарах (4 з іх – у Дзятлаўскім раёне); 19 – выратаваны, дзякуючы спрацоўцы аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў; 34 – патанулі; 24 чалавекі, якія згубіліся, адшуквалі ў лясных масівах, на жаль, 3 з іх былі знойдзены загінулымі.
На домаўладаннях грамадзян старэйшых за 80 гадоў, якія жывуць адны, летась устанаўліваліся АПА з вывадам на знешняе светлагукавое ўстройства. Дарэчы, у нашым раёне было ўстаноўлена 26 такіх сістэм. Як падкрэсліў Андрэй Садоўскі, гэта работа будзе прадоўжана і ў 2025 годзе.
Што датычыцца стану аварыйнасці, на тэрыторыі Гродзенскай вобласці ў 2024 годзе загінулі 43 чалавекі. Большасць трагедый на дарозе была звязана з наездам транспартных сродкаў на пешаходаў і веласіпедыстаў. З мэтай прафілактыкі падобных здарэнняў усім кіраўнікам прадпрыемстваў рэгіёна была пастаўлена задача забяспечыць работнікаў спецадзеннем са святлоадлюстроўваючымі элементамі, святлоадлюстроўваючымі камізэлькамі і флікерамі – чалавек павінен быць бачным на дарозе.
У сувязі з няпростымі ўмовамі надвор’я і перыядычным стварэннем “зімовай слізкасці” на аўтамабільных дарогах дыспетчарам дарожных службаў рэкамендавана аператыўна мабілізоўваць тэхніку пры падобных з’явах.
Незанятыя ў эканоміцы павінны быць “на алоўку кантролю”
У працяг тэмы бяспекі на нарадзе было агучана, што ў першыя дні новага года ў Дзятлаве адбыўся пажар у гаспадарчай пабудове. Прычынай узгарання стала курэнне гаспадара ў стане алкагольнага ап’янення. Дарэчы, мужчына з уліку непрацуючых.
Андрэй Садоўскі адзначыў, што незанятыя ў эканоміцы жыхары раёна павінны быць на пастаянным кантролі адказных службаў, тым больш тыя, хто вядзе асацыяльны лад жыцця. Зладжана і комплексна павінны працаваць праваахоўнікі, медыкі і іншыя зацікаўленыя па накіраванні такіх грамадзян у лячэбна-працоўны прафілакторый. Дарэчы, летась 40 дзятлаўчан былі адпраўлены ў ЛПП. Па інфармацыі начальніка аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Вадзіма Шчурскага, у студзені 2025 года яшчэ 6 чалавек паедуць “лячыцца і працаваць”.
Капрамонт і абнаўленне дваровых тэрыторый
Тэма будаўніцтва актуальная і зімой, і летам.
– Яшчэ “вярстаюцца” планы і графікі, аднак некаторыя праекты рамонту і будоўлі, якія будуць рэалізоўвацца ў Год добраўпарадкавання, можна абазначыць ужо сёння, – сказаў старшыня райвыканкама.
Акрамя будаўнічых аб’ектаў, якія “перайшлі” з мінулага года і завершацца сёлета, Андрэй Уладзіміравіч назваў будаўніцтва станцыі абезжалезвання ў вёсцы Нянадавічы, рамонт дваровых тэрыторый у Дзятлаве і Наваельні.
Аб’ёмы асфальтавання дарог у населеных пунктах будуць вызначаны вясной пасля аналізу стану пакрыцця.
Раённая газета на працягу года ва ўжо традыцыйнай рубрыцы “Знак якасці” будзе расказваць пра рэалізацыю гэтых і іншых праектаў.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga