У Новаяльнянскім сельвыканкаме апошні ў адыходзячым годзе прыём грамадзян правёў старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Садоўскі.
Мясцовы жыхар Аляксандр Кот звярнуўся з цікавым пытаннем. У свой час у раёне вёскі Ведравічы меркавалася будаўніцтва новага санаторнага комплекса “Белая Русь”, быў заказаны праект і нават часткова адкрыта фінансаванне, але потым узніклі эканамічныя праблемы, работы прыпыніліся. Ці магчыма аднавіць развіццё гэтага праекта і будаўніцтва? Магчыма, такі адпачынак зацікавіў бы і шмат еўрапейцаў.
Андрэй Уладзіміравіч адзначыў, што ён не закінуты, а ў нас ёсць праект развіцця курорта “Наваельня”, які мяркуе выдзяленне двух напрамкаў: паўночнага (Гезгалы) і паўднёвага (Баравікі). Ён знаходзіцца на кантролі райвыканкама, інфармацыя размешчана на сайце да ведама інвестараў.
Таксама плануецца развіццё санаторыя “Альфа Радон” з пашырэннем комплексу паслугаў на 2024-2026 гады.
Яшчэ адно пытанне, якое турбавала нераўнадушнага да развіцця і добраўпарадкавання свайго пасёлка новаяльнянца, – гэта магчымасць для людзей вывазу смецця на палігоны, каб яны не забруджвалі лясы і рэкі, што часта бывае. Старшыня райвыканкама паабяцаў, што з гэтай праблемай дапаможа ЖКГ.
У час правядзення прыёму грамадзян кіраўнік раёна пацікавіўся ў старшыні сельвыканкама Людмілы Радзевіч рознымі надзённымі пытаннямі: якасцю вады ў гарпасёлку, ці хапае цырульняў, ці выконваюцца швейныя паслугі. Выявілася, што неабходна разабрацца з ацяпленнем на пошце і ў бібліятэцы, закранулі праблему аховы здароўя – асабліва непакоіць высокая онказахваральнасць.
Людміла Аляксандраўна, у сваю чаргу, пацікавілася, ці будуць бліжэйшым часам асфальтавацца вуліцы ў Наваельні. Андрэй Уладзіміравіч адказаў, што гэта пытанне будзе вырашацца. Таксама ён заўважыў, што гарпасёлак развіваецца, шмат робіцца для яго добраўпарадкавання, так, ужо пачата будаўніцтва бальніцы, плануецца арэндны дом на 18 кватэр.

Варта адзначыць, што ў час прыёму Людміле Радзевіч паступіў тэлефонны званок ад жыхаркі горада Ліды з вялікай удзячнасцю жыхарам Наваельні за актыўную жыццёвую пазіцыю і дапамогу ў пошуку інфармацыі пра Антонія Тызенгаўза. Гэтыя звесткі дапамаглі лідчанцы стаць лаўрэатам расійскай прэміі “Залатое пяро”.
Напрыканцы прыёму кіраўнік раёна адзначыў, што прыёмы грамадзян будуць праводзіцца і надалей, яны запатрабаваныя людзьмі:
– Менш стала пісьмовых зваротаў, але расце колькасць электронных. Пытанні паступаюць розныя, найчасцей – па асфальтаванні дарог, капрамонтах, водазабеспячэнні, утрыманні сельскіх могілак і іншыя. Пытанні разглядаем, аналізуем, некаторыя вырашаюцца хутка, іншыя – плануем на бліжэйшы час або на наступны год. Такія прыёмы – гэта індыкатар работы ўлады на месцах.
Святлана ГРЫШЫНА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga