Агні на галоўных навагодніх ёлках і святочную ілюмінацыю 13 снежня запалілі ўсе раёны Гродзенскай вобласці.
На Дзятлаўшчыне арганізатары свята пастараліся, каб яно стала яркім і адметным, падарыла ўдзельнікам зарад бадзёрасці і навагодні настрой, нездарма ўрачыстасць мела назву “Краіна навагодніх цудаў”. Менавіта ў яе сёння адчыніліся дзверы для нашых землякоў, і хочацца спадзявацца, што святочныя дні прынясуць дзятлаўчанам шмат радасці, шчасця, жаданых падарункаў, доўгачаканых сустрэч і спаўненне запаветных мараў.
Напачатку жыхароў і гасцей горада запрасілі далучыцца да аўтапарада “Насустрач Новаму году” і традыцыйнага шэсця навагодніх герояў, сярод якіх, вядома ж, былі Дзяды Марозы і Снягурачкі, іншыя казачныя персанажы.
Спынілася шэсце на плошчы 17 Верасня, каля зялёнай прыгажуні, якая на працягу ўсяго святочнага перыяду будзе радаваць нас сваім убранствам, а па вечарах – яркімі агеньчыкамі.
Аднак, каб яны запаліліся ўпершыню ў гэтым годзе, удзельнікам свята належала ўключыцца ў тэатралізаванае прадстаўленне, перамагчы нячыстую сілу праз удзел у раённым конкурсе “Навагодняя ёлка-2025” з вызначэннем самага адметнага касцюма сімвала свята – ёлачкі.
Па выніках журы лепшай прызнана ёлка Новаяльнянскага дзіцячага сада, на другой пазіцыі ёлачка дзіцячага сада № 1 горада Дзятлава, на трэцяй – Дзятлаўскага лясгаса.
Ацанілі і ўдзельнікаў аўтапарада “Насустрач Новаму году”. Лепшым было ўбранне машыны ў Дзятлаўскага лясгаса, другое месца за тэхсродкам ААТ “Граніт-Агра”, трэцяе – у КСУП “Жукоўшчына”. Преаможцы і прызёры адзначаны дыпломамі і грашовымі падарункамі.
Дзякуючы намаганням землякоў больш ніхто не перашкаджаў Дзеду Марозу і Снягурачцы і прыспеў час для асноўнай дзеі – цырымоніі запальвання навагодніх агнёў галоўнай ёлкі Дзятлаўшчыны. Відовішчна гэту цырымонію правялі пры падтрымцы спецтэхнікі і супрацоўнікаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.
Свята выдалася багатым на песні ад артыстаў Алёны Касцюк, Анастасіі Цяцерынай, Андрэя Добыша, Ірыны Бакшук, Святланы Венскай, Ганны Харлінскай, Марыны Варган. Дзятлаўчане вадзілі карагоды, танцавалі пад вясёлыя флэш-мобы ад узорнай тэатральнай студыі “Мелодыя душы”, працаваў святочны гандаль.
Ад галоўнага Дзеда Мароза раёна для іншых Марозаў прагучаў святочны загад: “Запаліць агеньчыкі на ўсіх ёлках у аграгарадках Дзятлаўшчыны да 20 снежня”.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее
#нашалепшае