У Ахонаве адкрылі новы модульны ФАП

Галоўнае Улада

На Дзятлаўшчыне падтрымалі прыгожую традыцыю, распачатую Прэзідэнтам Беларусі, напярэдадні 7 лістапада рабіць народу краіны важныя падарункі – адкрываць сацыяльна значныя аб’екты.

Важнай падзеяй для жыхароў вёскі Ахонава стала адкрыццё новага модульнага ФАПа з сучасным абсталяваннем і пашыраным спектрам магчымасцяў.

Ва ўрачыстым адкрыцці аб’екта прынялі ўдзел жыхары вёскі Ахонава, прадстаўнікі кіраўніцтва раёна, адміністрацыя і калектыў Дзятлаўскай ЦРБ, кіраўніцтва Данілавіцкага сельвыканкама і ААТ “Граніт-Агра”, служыцелі духавенства і работнікі культуры.

Старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі павіншаваў вяскоўцаў і медыкаў са значнай для ўсяго раёна падзеяй.

– Клопат аб здароўі людзей – прыярытэт дзяржаўнай палітыкі, – адзначыў Андрэй Уладзіміравіч. – Таму заканамерна, што аб’ект, які мы адкрываем напярэдадні Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі, належыць да сферы аховы здароўя. У раёне праводзіцца сістэмная работа па будаўніцтве і мадэрнізацыі медыцынскіх установаў не толькі цэнтральнага, але і сельскага значэння, што даказвае сённяшняя падзея. Гэты год стаў для Дзятлаўшчыны шчодрым на інвестыцыйныя праекты, у тым ліку ў медыцыне. Наперадзе шмат мерапрыемстваў у гэтым кірунку – набыццё перасоўнага ФАПа, адкрыццё адміністрацыйнага паверха бальніцы. Таксама ўжо сёлета пачнецца будаўніцтва бальніцы ў гарадскім пасёлку Наваельня. На вопыце іншых раёнаў Гродзеншчыны мы пайшлі па шляху набыцця гатовых модульных ФАПаў –гэта зручна, мабільна. Каштавала гэта раённаму бюджэту 154 тысячы рублёў. Усе ўкладанні апраўданы, бо самае каштоўнае, што мы маем сёння, – здароўе. Новы ФАП атрымаўся сучасным, зручным, упэўнены, ён будзе запатрабаваны ў мясцовага насельніцтва. Хачу пажадаць вам, шаноўныя жыхары вёскі Ахонава, моцнага здароўя, якім ніколі не трэба грэбаваць. Наведвайце мясцовы ФАП часцей для прафілактыкі, своечасова праходзьце дыспансерызацыю. Са святам вас!

Па цудоўнай беларускай традыцыі любая добрая справа пачынаецца з малітвы. Памаліліся за ўстанову аховы здароўя і павіншавалі землякоў са святам настаяцель храма Раства Прасвятой Багародзіцы гарпасёлка Наваельня протаіерэй Валерый Мануйла і віцэ-дэкан Дзятлаўскага і Навагрудскага дэканата ксёндз Андрэй Пышынскі.

Сімвалічны ключ ад новага фельчарска-акушэрскага пункта галоўнаму доктар Дзятлаўскай ЦРБ Віктару Яцкевічу ўручыў дырэктар ААТ “Навагрудскі завод металавырабаў” Віталій Яраш. Ён далучыўся да словаў віншавання:

– Дзякуй дзятлаўчанам і кіраўніцтву раёна за давер, аказаны нам. Гэта шосты ФАП, створаны на нашым прадпрыемстве. Андрэй Уладзіміравіч слушна заўважыў, што важнасць такой установы ў любым населеным пункце не вымяраецца колькасцю насельніцтва. Людзі павінны атрымліваць якаснае сучаснае медыцынскае абслугоўванне ў любой кропцы Беларусі. Рады, што мы таксама дапамагаем гэтаму.

Віталій Віктаравіч падзякаваў за супрацоўніцтва і ўручыў юбілейнае выданне аб сваім прадпрыемстве кіраўніку раёна і галоўнаму доктару.

Загадчыца Ахонаўскага ФАПа Валянціна Жыгала выказала словы ўдзячнасці кіраўніцтву раёна, калектывам раённай бальніцы, завода-вытворцы за ўвагу да клопатаў вяскоўцаў:

– З’яўленне новага ФАПа – вельмі значная падзея ў жыцці мясцовых жыхароў. Шчыра прызнаюся, напачатку мы нават не паверылі, што такое будзе магчымым так хутка. А ўжо калі “прыехаў” сам будынак, людзі сталі чакаць адкрыцця. Дзякуй усім, хто ствараў гэту прыгажосць і ўтульнасць для нас. Цяпер зможам аказваць медыцынскую дапамогу ў сучасных умовах.

Пасля сімвалічнага перарэзвання чырвонай стужкі удзельнікаў урачыстасці запрасілі наведаць новы ФАП.

На адкрыццё новага фельчарска-акушэрскага пункта прыйшло шмат жыхароў Ахонава. Адзінадушнае меркаванне землякоў выказала стараста вёскі Людміла Шупа:

– Сучасная медустанова вяскоўцам вельмі неабходна, каб падтрымліваць здароўе і, нарэшце, адчуваць сябе патрэбнымі. На перыферыі гэта асабліва важна: транспарт не заўсёды ёсць, каб дабрацца ў райпаліклініку, а цяпер тут створаны ўсе ўмовы. Акрыццё ФАПа ў Ахонаве – паказчык таго, што вёска жывая, што мы маем будучыню, дзяржава не забывае пра нас. З другога боку, наш фельчар Валянціна Жыгала дастойна найлепшых умоваў працы: яна прыехала сюды маладым спецыялістам і ўсё жыццё прысвяціла здароўю аднавяскоўцаў.

Ранейшы будынак Ахонаўскага фельчарска-акушэрскага пункта быў размешчаны ў прыватным домаўладанні, дзе арандавалася памяшканне. Яму патрабаваўся капітальны рамонт, які тэхнічна немагчыма было правесці. Тады ўзнікла ідэя набыцця модульнага ФАПа, што стала аптымальным рашэннем стварэння сучасных умоваў для медыцынскай дапамогі сельскаму насельніцтву.

Памяшканне модульнага ФАПа цалкам адпавядае санітарна-эпідэміялагічным нормам, мае тры цёплыя светлыя кабінеты, санвузел, гарачае водазабеспячэнне з дапамогай бойлера, гаспадарчы пакой з шафамі.

ФАП поўнасцю ўкамплектаваны новым абсталяваннем, неабходным для правядзення пярвічнай медыцынскай дапамогі, вакцынацыі, прафілактычных аглядаў, аказання дапамогі. У акушэрскім кабінеце сучаснае гінекалагічнае крэсла, у наяўнасці апарат ЭКГ, глюкометр. Ёсць магчымасць на месцы набыць лекавыя прэпараты.

Ахонаўскі ФАП – адзіны ў Дзятлаўскім раёне, дзе ўстаноўлены персанальны камп’ютар з медыцынскай інфармацыйнай сістэмай, што дазваляе адразу ж на месцы запісаць пацыента на прыём да любога доктара Дзятлаўскай паліклінікі, атрымаць інфармацыю аб выніках лабараторнага даследавання, агляду дактароў.

У зоне абслугоўвання Ахонаўскага ФАПа 9 населеных пунктаў у радыусе 7,5 кіламетра з насельніцтвам 170 чалавек: з іх 95 – працаздольнага ўзросту, 13 дзяцей, 62 пенсіянеры. Медыцынскае абслугоўванне ажыццяўляюць фельчар, санітарка, а таксама спецыялісты райпаліклінікі ў час выязных прыёмаў.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#НАШАЛЕПШАЕ #НАШЕЛУЧШЕЕ