У халодны сезон, калі садова-агародныя работы спыняюцца і гаспадары дачаў і вясковых хат, якія дасталіся ім ў спадчыну, усё радзей наведваюць сваю нерухомую маёмасць, яна становіцца аб’ектам увагі зламыснікаў.

На пытанне, што рабіць, калі зразумелі, што ў вашым доме нехта пабываў, адказала следчы раённага аддзела Следчага камітэта Вольга Жыбко:

– Галоўнае – не панікаваць і адразу ж патэлефанаваць у службу 102: чым раней вы паведаміце аб злачынстве, тым больш шанцаў устанавіць злодзеяў і вярнуць скрадзеную маёмасць.

Пасля званка дачакайцеся прыезду супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Па магчымасці ў гэты час самі не заходзьце ў памяшканне і не наводзьце парадак. Калі абстаноўка захаваецца некранутай, потым з большай верагоднасцю можна будзе знайсці сляды пальцаў рук і іншыя дробязі, якія паспрыяюць устанаўленню злачынцы. Калі ж вы ўжо ў доме, то пастарайцеся быць акуратнымі і выконвайце ўсе гэтыя правілы. Заадно паспрабуйце ўспомніць, калі апошні раз былі на дачы, ці ўсё тады было ў парадку, хто мог знаходзіцца там, акрамя вас, ці не бачылі вы і суседзі апошнім часам падазроных асобаў у вёсцы.

Калі вы ўжо ведаеце, якая маёмасць скрадзена, назавіце следчым яе адметныя прыкметы: колер, памеры, асаблівасці, цудоўна, калі ў мабільным тэлефоне знойдуцца яшчэ і фотаздымкі. Па магчымасці, перадайце супрацоўнікам праваахоўных органаў дакументы на скрадзеныя рэчы для вызначэння іх характарыстык. Чым больш падрабязнай і поўнай будзе інфармацыя, тым больш магчымасцяў прыцягнуць злодзеяў да адказнасці і вярнуць вам вашы рэчы.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации