Вучыцца лепш на чужых памылках

Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

На Дзятлаўшчыне сёлета адзначаецца рост колькасці пажараў.

У агні ў нашым раёне загінулі чатыры чалавекі. Усе яны – дарослыя людзі, аднак для кагосьці былі блізкімі і сваякамі.

Асабліва горка, калі ахвярамі агню становяцца непаўналетнія. Такі выпадак адбыўся некалькі тыдняў таму на Міншчыне. Зразумела, што гэта нават не Гродзенская вобласць, аднак вучыцца лепш на чужых памылках.

– Абставіны здарэння высвятлялі следча-аператыўная група і супрацоўнікі Мінскага абласнога ўпраўлення Следчага камітэта, узбуджана крымінальная справа, – расказаў старшы следчы Дзятлаўскага раённага аддзела СК Аляксандр Макуца. – Загінулі дзве дзяўчынкі трох і пяці гадоў. Па папярэдняй інфармацыі, вечарам 14 кастрычніка маці і бацька загінулых знаходзіліся ў суседнім пакоі, калі да іх падбегла дзіця і паведаміла аб тым, што выпадкова падпаліла занавеску. Жанчына выбегла на вуліцу, пакінуўшы маленькіх дачок дома. Мужчына паспрабаваў самастойна патушыць узгаранне, але безвынікова. Ён атрымаў тэрмічныя апёкі і быў дастаўлены ў бальніцу, а дзве дзяўчынкі ад атрыманых траўмаў памерлі на месцы. Устаноўлена, што муж і жонка знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення. Шматдзетная сям’я ў сацыяльна небяспечным становішчы не знаходзілася. Усе абставіны здарэння будуць устаноўлены ў ходзе следства.

У крытычнай сітуацыі людзі губляюцца. Каб выбраць правільны алгарытм дзеянняў пры надзвычайных здарэннях, Аляксандр Макуца параіў запомніць некалькі простых правілаў бяспекі. Па-першае, ні пры якіх абставінах не варта пакідаць малых дзяцей без нагляду: яны павінны быць на адлегласці выцягнутай рукі дарослага, каб можна было своечасова зрэагаваць на неспадзяваны выпадак. Па-другое, нельга дапускаць свавольства непаўналетніх з агнём. Па-трэцяе, неабходна сачыць за працуючымі газавымі і электрапрыборамі, а пры адсутнасці дома гаспадароў – выключаць іх. Ні ў якім разе нельга карыстацца электрапрыборамі кустарнай вытворчасці, бо завадскія праходзяць тэсціроўку і спецыяльную праверку на бяспечнасць.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga