Ад сумеснай работы залежыць устойлівае развіццё раёна

Важнае Падзеі Улада

На пасяджэнні раённага Савета дэпутатаў разгледзелі работу аднаго з сельскіх саветаў, абмеркавалі санітарна-эпідэміялагічную абстаноўку ў раёне, зацвердзілі шэраг змяненняў у сацыяльна і эканамічна важных рашэннях.

Вопытам работы на прыкладзе Новаяльнянскага сельскага Савета дэпутатаў, сельвыканкама падзялілася яго старшыня Людміла Радзевіч.

– Галоўнай задачай, якая стаіць перад дзяржаўнай уладай, з’яўляецца забеспячэнне бяспечнай жыццядзейнасці нашых грамадзян і павышэнне якасці іх жыцця і дабрабыту. Паўсядзённая дзейнасць дэпутатаў сельскага Савета дэпутатаў, сельвыканкама прадугледжвае вырашэнне шырокага спектра пытанняў палітычнага, сацыяльнага і эканамічнага характару, – адзначыла Людміла Аляксандраўна. – На тэрыторыі гарадскога пасёлка Наваельня знаходзяцца 1277 гаспадарак, пражываюць 2804 чалавекі. Размешчана 38 арганізацый і прадпрыемстваў розных формаў уласнасці. Адкрылася новае прадпрыемства – таварыства з абмежаванай адказнасцю “Трыял Эксперт”, якое забяспечыла працай 51 чалавека. У пасёлку праводзіцца работа па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы, мадэрнізацыі і тэхнічным пераўзбраенні прадпрыемстваў і арганізацый. Яшчэ адна важная наша задача – своечасовае рэагаванне на звароты грамадзян, зняцце сацыяльнай напружанасці.

Жыхароў пасёлка Наваельня абслугоўваюць 27 гандлёвых кропак. У 2023 годзе перададзены на баланс Дзятлаўскага РУП ЖКГ Дом быту. Будынак прадастаўляецца ў арэнду індывідуальным прадпрымальнікам, дзе аказваюцца паслугі цырульні, рамонт швейных вырабаў. Паштальёны аддзялення паштовай сувязі “Наваельня” абслугоўваюць 3 даставачныя ўчасткі. У канцы 2023 года ўсталявалі маразільную камеру і халадзільнік, у выніку чаго аказваецца такая паслуга, як рэалізацыя харчовых тавараў (малочных, мясных, рыбных і іншых), таксама паштальёны аснашчаны тэрмасумкамі і могуць дастаўляць дадзеную прадукцыю жыхарам на дом. На тэрыторыі сельсавета функцыянуюць 3 установы адукацыі. Праведзена вялікая работа па рамонце будынка Новаяльнянскай сярэдняй школы імя А. А. Шаўчук, таксама тут адкрыты шматфункцыянальны спартыўны комплекс, дзе могуць займацца не толькі школьнікі, але і ўсе жадаючыя жыхары пасёлка.

Вялікая ўвага надаецца добраўпарадкаванню населенага пункта. У гэтым працэсе прымаюць удзел не толькі дэпутаты і працоўныя калектывы, але і жыхары пасёлка. Сёлета ў Наваельні заасфальтаваны поўнасцю 3 вуліцы, часткова – 4 і Новаяльнянская плошча, добраўпарадкавана месца для выязнога гандлю. Рэгулярна праводзіцца ямачны рамонт, грэйдзіраванне, падсыпка вуліц, рамонт дахаў шматпавярховых дамоў. Заменены катлы ў парылцы лазні. Напярэдадні Дня чыгуначніка і ў гонар 100-годдзя вакзала станцыі “Наваельня” адбылося адкрыццё памятнага знака “Станцыйны звон”. Праведзены капітальны рамонт дома па вуліцы Снітко, 8; вуліцы Дзятлаўская, 11А, ідзе рамонт дома па вуліцы Чырвонаармейскай, 30.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі паставіў Людмілу Радзевіч у прыклад іншым старшыням сельскіх выканаўчых камітэтаў па рабоце з пустуючымі дамамі. З пачатку дзеяння ўказа № 116 на тэрыторыі сельсавета знесена 7 домаўладанняў. З мэтай скарачэння выдаткаў на выкананне гэтых работ знос старых і пустуючых дамоў праводзіцца з прыцягненнем сумежных уласнікаў з наступным прадастаўленнем зямельнага ўчастка дадзеным грамадзянам (знесена 2 дамы), 4 дамы прададзены, у тым ліку адзін шляхам правядзення аўкцыёну, 3 – за 1 базавую велічыню.

Галоўны доктар Дзятлаўскага райЦГЭ Алена Шайбак выступіла з дакладамі па двух пытаннях: аб выкананні ўстановамі і службамі раёна комплекснага плана мерапрыемстваў па прафілактыцы заразных скурных захворванняў і выкананні заканадаўства ў галіне санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту ва ўстанове аховы здароўя “Дзятлаўская цэнтральная раённая бальніца”.

Алена Вячаславаўна праінфармавала, што супрацьэпідэмічныя і лячэбна-прафілактычныя мерапрыемствы ў ачагах заразных скурных і грыбковых захворванняў праводзяцца ў Дзятлаўскім раёне ў адпаведнасці з нарматыўнымі патрабаваннямі. Забяспечаны поўны ўлік усіх ачагоў каросты (рус. – честока) і дэрматамікозаў з правядзеннем апрацоўкі ў ачагах захворвання. У 2024 годзе зарэгістравана 7 выпадкаў захворвання каростай і 5 выпадкаў мікраспарыі. Праводзіцца ветэрынарны і санітарны нагляд за санітарным утрыманнем малочнатаварных фермаў і жывёлагадоўчых комплексаў, жывёльных магільнікаў – усяго ў раёне іх 19. Праводзіцца работа па рэгістрацыі і ўліку хатніх, адлове безнаглядных жывёл. Па стане на 1 студзеня бягучага года ў сельвыканкамах зарэгістравана 5739 хатніх жывёл (катоў – 3284, сабак – 2455). У 2023 годзе адлоўлена 211 безнаглядных жывёл (катоў – 93, сабак – 118). Ветэрынарнымі спецыялістамі агледжана на дэрматамікозы 10 526 жывёл, хворых не выяўлена.

Заўвага ад галоўнага санітарнага доктара прагучала ў адрас Дзятлаўскай ветэрынарнай станцыі, паколькі там не забяспечаны неабходны запас медыкаментозных сродкаў для лячэння заразных скурных захворванняў хатніх жывёл.

Што датычыцца другога пытання, у адпаведнасці з планам на ФАПах і ў амбулаторыях Дзятлаўскай ЦРБ праведзены, дзе было неабходна, рамонты ганкаў, фасадаў, пакоя ўборачнага інвентара, кабінетаў, уваходнай групы; замена агароджы, якая прыйшла ў непрыдатнасць, і іншыя віды работ. Таксама прыняты меры па прывядзенні ў адпаведнасць з патрабаваннямі санітарнага заканадаўства Новаяльнянскай гарадской бальніцы – завершана распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі, цяпер яна знаходзіцца на экспертызе. Тэрмін правядзення рэканструкцыі – 2025 год. На першым этапе запланавана будаўніцтва новага корпуса бальніцы, на другім – рэканструкцыя паліклінікі.

Таксама дэпутаты заслухалі і прынялі на сесіі змяненні па чатырох раней прынятых рашэннях і прывядзенні іх у адпаведнасць сённяшнім нормам заканадаўства. Яны датычыліся фінансавання са сродкаў раённага бюджэту рамонту аб’ектаў і набыцця транспартных сродкаў (школьнага аўтобуса, перасовачнага модульнага ФАПа і іншых) для сацыяльнай сферы; запланаванага азелянення вуліц Прытыцкага і Навагрудскай у Дзятлаве, Шашэйнай – у гарпасёлку Наваельня. Разгледзелі актуальнае пытанне змянення межаў населеных пунктаў раёна ў сувязі з легалізацыяй незарэгістраваных будынкаў або самазахопаў зямлі, выяўленых пры правядзенні суцэльнай інвентарызацыі земляў.

Ва ўдзельнікаў пленарнага пасяджэння была магчымасць не толькі выслухаць дакладчыкаў, але і задаць пытанні, а таксама абмеркаваць прапановы, якія ўзнікалі.

Ірына КАМАРОВА
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: