Адзіны дзень бяспекі. Не толькі ведаць, але і ўмець

Важнае Грамадства

У межах рэспубліканскага прафілактычнага мерапрыемства “Адзіны дзень бяспекі” ў Дзятлаўскім раёне газазабеспячэння прайшлі тэарэтычна-практычныя вучэнні па замацаванні парадку дзеянняў у надзвычайных сітуацыях. Ініцыятарам выступіў кіраўнік арганізацыі Юрый Ганчар і адміністрацыя.

Увазе работнікаў газавай службы былі прадстаўлены прафілактычныя фільмы МНС аб тым, як паводзіць сябе ў час пажару ў адміністрацыйным будынку, доме, гандлёвым цэнтры.

Тэарэтычны блок быў замацаваны на практыцы: у адміністрацыйным будынку прагучала сірэна, якая апавяшчала аб экстраннай сітуацыі і неабходнасці неадкладна пакінуць памяшканне. Калектыў Дзятлаўскага раёна газавай службы справіўся на “выдатна”. Работнікі пакінулі зону ўмоўнай небяспекі, добраахвотная пажарная дружына арганізацыі дзейнічала згодна з інструкцыямі.

Мерапрыемства завяршылася практычнай адпрацоўкай навыкаў тушэння ўзгарання рознымі відамі вогнетушыцеляў і падручнымі сродкамі.

– Ведаць, дзе на працоўным месцы знаходзіцца вогнетушыцель, карыстацца, не раздумваючы доўга аб парадку дзеянняў, павінен кожны работнік арганізацыі незалежна ад пасады, у тым ліку жанчыны, – адзначыў галоўны інжынер Сяргей Тухто. – У экстраннай сітуацыі ён можа выратаваць жыццё вам і тым, хто будзе побач.

 

Начальнік Дзятлаўскага раёна газазабеспячэння Юрый Ганчар:

– Такія адпрацоўкі праводзім не толькі ў Адзіны дзень бяспекі, а рэгулярна, тэарэтычны блок абавязкова падмацоўваецца практычнай часткай: пазапланавай эвакуацыяй. Адказнымі за пажарную бяспеку ў арганізацыі з’яўляюся я, галоўны інжынер і інжынер па ахове працы, у добраахвотную пажарную дружыну ўваходзіць аварыйнае звяно і спецыялісты, якія ў гэты момант знаходзяцца на базе ўпраўлення. Яны рэгулярна праходзяць інструктаж, ведаюць свае абавязкі: сустрэць на ўездзе супрацоўнікаў МНС, падрыхтаваць пажарны гідрант і рукавы, агледзець будынак на наяўнасць людзей. Кожны з нашага калектыву ўмее трымаць у руках вогнетышыцель і карыстацца ім. Даводзім усё да аўтаматызму, каб пры рэальнай небяспецы не ўспамінаць, а дзейнічаць. У экзамен па ахове працы, які раз на год праходзіць кожны работнік, абавязкова ўключаецца блок па дзеяннях у надзвычайнай сітуацыі.

У Адзіны дзень бяспекі прафілактычныя гутаркі ў Дзятлаўскім раёне газазабеспячэння правялі супрацоўнікі Дзятлаўскага РАНС і раённай энергагазінспекцыі.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga