Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння ў час сустрэчы з працоўным калектывам ААТ «Рэчыцадрэў», перадае карэспандэнт БЕЛТА. «Br1 тыс. — гэта той мінімум, які мы павінны дапамагчы людзям зарабіць. А далей варушыцеся самі. Вядома, мы будзем падштурхоўваць — і кіраўнікі, і ўрад. Але гэты бар’ер, які ў нас некалі быў, трэба аднавіць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Асобна кіраўнік дзяржавы закрануў пытанні працаўладкавання. У прыватнасці, у Рэчыцы налічваецца некалькі соцень беспрацоўных — менш як 1 працэнт ад працаздольных грамадзян. «Але і ім трэба прапанаваць работу па кваліфікацыі. Многія хочуць працаваць, вялікія грошы мець, а ў школе нават двойкі не атрымлівалі. Жыццё змянілася. Вы можаце крытыкаваць мяне як хочаце. Будуць у вас іншыя прэзідэнты, і, калі яны захочуць утрымаць краіну, будуць праводзіць такую ж палітыку. Не можам мы сабе дазволіць, калі ў краіне 350 тыс., як яны называюць сябе — «дармаедаў», нічога не робяць. Хіба гэта нармальна?» — задаў рытарычнае пытанне Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, сярод гэтых людзей — вялікая колькасць патэнцыяльных правапарушальнікаў, якія гатовы пайсці на злачынствы, каб здабыць сродкі на пражыванне. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што не супраць крытыкі, аднак перш грамадзянам трэба падумаць пра будучае краіны. «Крытыкаваць — крытыкуйце, толькі падумайце, да чаго мы ідзём. Кожны сёння павінен працаваць, — упэўнены ён. — Час няпросты, але мы ўжо бачым святло ў канцы тунэля». Прэзідэнт таксама закрануў тэму цэнаўтварэння. Паводле яго слоў, дзяржава вырашыць пытанні завышаных цэн. «Ва ўрадзе пачалі ўжо варушыцца. Рыначнікі там з’явіліся: адпусцілі цэны на ўсё, што папала, і атрымалі іх рост», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
БелТА