Яблыня “Перамогі” – на радасць дзецям

Галоўнае Грамадства

У верасні раённая газета “Перамога” адзначае свой 80-гадовы юбілей.

З нагоды круглай даты калектыў газеты з падтрымкі кіраўніцтва раёна ініцыіраваў пасадку пладовага дрэва на тэрыторыі сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава.

– Ідэя нарадзілася ў сумесным калектыўным абмеркаванні. Жывое дрэва – сімвал росту, развіцця і росквіту; з драўніны вырабляецца папера, на якой вось ужо восем дзесяцігоддзяў выпускаюцца актуальныя для раёна цікавыя навіны; а саджанец менавіта яблыні, бо яблыневы цвет – гэта сімвалДняПерамогі ў Беларусі сугучнага назве газеты. Нас падтрымаў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі і прапанаваў месца пасадкі на тэрыторыі цэнтра. Вось так і атрымалася памятная часцінка нашай “Перамогі” ў маладой яблыньцы на радасць дзецям, – патлумачыла галоўны рэдактар газеты Ірына Камарова.

Дрэўца для дзяцей пасадзілі разам старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская, галоўны рэдактар газеты “Перамога” Ірына Камарова.

Аляксандр Станіслававіч яшчэ раз павіншаваў калектыў рэдакцыі са знамянальнай датай:

– Сучаснае інфармацыйнае поле раёна немагчыма ўявіць без газеты “Перамога”. Змяняючыся знешне, прапануючы чытачам новыя тэмы, газета застаецца вернай сваім прынцыпам – быць аб’ектыўнай, датычнай да важных падзей Дзятлаўшчыны і ўважлівай да чалавека, прафесійна і сумленна служыць свайму абавязку. Шчыра дзякую работнікам газеты за плённае супрацоўніцтва, старанную працу, праўдзівае і своечасовае асвятленне жыцця нашага раёна. Жадаю далейшага творчага росту, натхнення, новых ідэй і праектаў, цікавых разнапланавых матэрыялаў, верных падпісчыкаў і чытачоў, новых перамог і дасягненняў. Удачы, здароўя вам і вашым блізкім, мірнага неба над галавой.

Ірына Чаславаўна адзначыла, што 2024 і 2025 гады – юбілейныя для многіх арганізацый, якія ўтварыліся або аднавілі сваё існаванне пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і заканчэння Вялікай Айчыннай вайны. Яна выказала спадзяванне, што арганізацыі-юбіляры падтрымаюць ідэю і рэдакцыйнае дрэўца стане першым у будучым пладовым садзе на тэрыторыі сацыяльна-педагагічнага цэнтра.

У знак удзячнасці за супрацоўніцтва і з нагоды выхаду першага нумара газеты “Перамога” дырэктар цэнтра Кацярына Ляўкевіч уручыла калектыву рэдакцыі памятны падарунак.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: