Сектар нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці працягвае сваё віншавальнае падарожжа па Дзятлаўшчыне і ўшаноўвае з адметным юбілеем – 80-годдзем – равеснікаў вызвалення.
На гэты раз віншаванні ад Святланы Венскай, Ірыны Бакшук і Івана Кашко прымаў Аляксандр Чарнецкі, які жыве ў Дзятлаве. Ён расказаў пра сваё жыццё, працу, сям’ю.
Аляксандр Аляксандравіч нарадзіўся ў 1944 годзе ў вёсцы Хадзяўляны ў простай сялянскай сям’і, дзе гадавалася трое дзяцей. Жылі яны небагата, але гаспадарку трымалі – карову, свіней, курэй, апрацоўвалі невялікі кавалак зямлі. Працавалі з ранку да вечара, каб выжыць.
З вялікім сумам успамінае мужчына свайго бацьку, які трагічна загінуў ужо пасля вызвалення Беларусі ў Вялікай Айчыннай вайне. Хлопчык так і не ўбачыў роднага чалавека, але памяць пра яго назаўжды ў сэрцы.
Пасля заканчэння сярэдняй школы № 2 у Дзятлаве лёс завёў яго аж у Данецкую вобласць. Там паступіў у вучылішча № 15 і атрымаў спецыяльнасць “слесар-мантажнік”. Але не запалі ў душу хлопцу чужыя мясціны, цягнула яго на Радзіму, таму, адпрацаваўшы слесарам адзін год, вярнуўся ў сваю родную вёску. Адслужыў у арміі, у танкавай дывізіі ў горадзе Барысаве.
Пасля службы вырашыў пажыць у сталіцы і ўладкаваўся ў Мінску на маторны завод слесарам-рамонтнікам. Праца падабалася, аднак хацелася вучыцца, спасцігаць новае, бо меў здольнасці. Тады Аляксандр Аляксандравіч паступіў у Беларускі політэхнічны інстытут на аўтатранспартны факультэт. Ніколі не пашкадаваў, што вырашыў набыць яшчэ адну прафесію, вучыцца вельмі падабалася, і да гэтага часу студэнцкія гады ўспамінае з цеплынёю.
– Юнацтва ўсё прайшло ў вучобе, але я ні аб чым не шкадую. У мяне ўсё атрымлівалася, хоць і цяжкасцей было вельмі шмат, – гаворыць мужчына.
Пасля заканчэння быў цікавы вопыт работы інжынерам-канструктарам у Мінскім праектна-тэхнічным інстытуце. Але зноў цягнула маладога чалавека на малую радзіму. Ён вярнуўся ў родны раён і ўладкаваўся ў Дзятлаўскую сельгастэхніку інжынерам-тэхнолагам. Працаваў тут 29 гадоў, з іх 13 гадоў – загадчыкам майстэрнямі.
– Вучоба, работа… Але стаў я ўсур’ёз задумвацца і пра стварэнне ўласнай сям’і, – дзеліцца юбіляр успамінамі. – Аднойчы на танцпляцоўцы пазнаёміўся з цудоўнай дзяўчынай Таісіяй, і сустрэча гэта стала лёсавызначальнай. У нас атрымалася моцная і дружная сям’я, наша радасць і гонар – дзеці і ўжо чацвёра ўнукаў. Сын Вадзім цяпер жыве ў Мінску, працуе адміністратарам, а дачка Алена – намеснік галоўнага доктара ў Дзятлаўскай райбальніцы.
Аляксандр Аляксандравіч ужо даўно на пенсіі, цяпер жыве ў Дзятлаве, але не забывае свой родны куточак – любую вёску Хадзяўляны. Трымае тут курэй і кожны дзень на веласіпедзе ездзіць іх карміць.
– Я ўдзячны Богу за свой лёс, шчаслівы, што такім атрымалася маё жыццё. Вельмі люблю сваіх дзяцей, унукаў, жадаю ім моцнага здароўя, удачы. Што яшчэ неабходна пенсіянеру: шчаслівых сонечных дзён і прасіць у Бога здароўя і міру на зямлі.
Святлана ГРЫШЫНА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga