Ёсць тэмы, якія не выходзяць з актуальных у нашай папулярнай рубрыцы. Адна з іх – праблема смецця ў тых месцах, дзе яму зусім не варта быць.
У аматараў насмеціць ёсць нават свае папулярныя пункты. Адзін з іх – тэрыторыя каля яўрэйскіх могілак у Дзятлаве. Ужо колькі разоў ушчувалі дзятлаўчан за нядбайнасць – гэта не моцна падзейнічала. Аднак нядаўна ў рэдакцыю прыйшла мясцовая жыхарка, якая прапанавала калектыўнае рашэнне праблемы ад жыхароў бліжэйшых вуліц.
– Вядома, непрыемна, што ў гэтых месцах выкідваюць смецце. Але ж яго асабліва і няма дзе кідаць! Неаднаразова мы, тутэйшыя жыхары, самі прыбіралі такія стыхійныя звалкі, якія заўважалі каля яўрэйскіх могілак і бліжэйшага магазіна. Аднак нязручна, што няма кантэйнера, каб сабранае ўтылізаваць, – расказала жанчына. – Ад іх адсутнасці пакутуюць і самі дзятлаўчане, якім асабліва летам патрэбны ёмістасці для смецця, акрамя стандартных індывідуальных, бо ў спёку ўсе біяраскладальныя адходы хутка перагніваюць, маюць кепскі пах, дастаўляюць дыскамфорт. Вывазу смецця раз на тыдзень недастаткова, каб быў парадак. Ці магчыма вырашыць сітуацыю і ўсталяваць паблізу яўрэйскіх могілак некалькі кантэйнераў для цвёрдых камунальных адходаў? Мне падаецца, гэта вырашыць і сітуацыю з парадкам.
Адрасуем гэта пытанне дырэктару Дзятлаўскага РУП ЖКГ Васілю Пецюку.
– Устаноўка дадатковай кантэйнернай пляцоўкі ў азначаным мікрараёне прыватнай жылой забудовы немэтазгодна, а таму не будзе праводзіцца ў бліжэйшай будучыні, – гаворыць Васіль Васільевіч. – У кожным прыватным домаўладанні ёсць спецыяльныя кантэйнеры як для цвёрдых камунальных адходаў, так і для раздзельнага збору смецця. Гаспадар вырашае, калі яму патрабуюцца дадатковыя кантэйнеры для смецця, набывае іх і ўстанаўлівае сваёйна тэрыторыі. Вываз смецця ажыццяўляецца адпаведна графіку раз у тыдзень.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga