Выпрабаванне для жанчыны

Падзеі

У 45-60 гадоў жаночы арганізм старэе. Звычайна менапаўза працякае без ускладненняў, але так шанцуе не ўсім.

Парушэннем лічыцца матачныя крывацёкі і клімактэрычны сіндром, які праяўляецца вялікай колькасцю непрыемнасцяў, напрыклад, прылівы гарачыні да твару, галавы і верхняй часткі тулава. Сэрца можа біцца часта, узнікае патлівасць і галавакружэнне, слабасць, галаўны боль, боль у суставах, шум у вушах, парушаецца сон, павышаецца эмацыянальнасць, могуць з’явіцца і псіхічныя расстройствы. Устойлівасць да розных знешніх уздзеянняў, напрыклад да пераменаў надвор’я, істотна зніжаецца. Пры лёгкай ступені сіндрому можа быць да 10-ці прыліваў за суткі, пры сярэдняй – да 20-ці ў суправаджэнні галаўнога болю, галавакружэння, пагаршэння памяці і сну, што, безумоўна, зніжае працаздольнасць. Пры цяжкай ступені працаздольнасць страчваецца наогул.

Майце на ўвазе, што клімактэрычны сіндром сярэдняй і цяжкай ступені патрабуе лячэння. Пры гэтым вы самі павінны паклапаціцца аб тым, каб у вашым жыцці быў рэжым дня, рацыянальнае харчаванне, лячэбная фізкультура, аздараўленчыя працэдуры, фізіятэрапія. Урач-псіхатэрапеўт можа прызначыць і прэпараты: седатыўныя, снатворныя, антыдэпрэсанты, нейралептыкі. Карыснай будзе і нервова-мышачная рэлаксацыя, аўтатрэнінг, псіхалагічная падтрымка спецыяліста.

Т. ДАНІЛЬЧЫК,
акушэр-гінеколаг Дзятлаўскай ЦРБ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *