Усё атрымалася з падтрымкай землякоў

Важнае Грамадства

Нядаўна на Дзятлаўшчыне прайшла абласная міліцэйская камбінаваная эстафета, удзельнікі якой ацанілі высокі ўзровень падрыхтоўкі, гасціннасць дзятлаўчан.

Як заўважыў начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Вадзім Шчурскі, такое свята не атрымалася б без падтрымкі кіраўніцтва раёна і землякоў. Ён расказаў, як і кім рыхтаваліся галоўныя міліцэйскія старты гэтага года:

– Раённаму аддзелу ўнутраных спраў быў прадастаўлены гонар прыняць на гасціннай дзятлаўскай зямлі штогадовую міліцэйскую эстафету сярод супрацоўнікаў органаў унутраных спраў Гродзенскай вобласці. Прыгожы, утульны горад Дзятлава прыняў гасцей з горада Гродна і ўсіх раёнаў нашай вобласці. Эстафета, а таксама культурныя мерапрыемствы ў межах яе прайшлі без затрымак, з высокай ступенню арганізаванасці, што адзначылі ўдзельнікі і госці, у тым ліку – начальнік упраўлення ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама Дзмітрый Рэзянкоў .  Адметна, што адкрыццё эстафеты адбылося на сакральным для дзятлаўчан месцы – каля падножжа абеліска Славы, дзе адбыўся ўрачысты мітынг. Андрэй Уладзіміравіч павітаў гасцей свята і ўзгадаў ваенную гісторыю раёна і тое, што сёлета горад Дзятлава адзначаны вымпелам “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны”.

– Хто ўдзельнічаў у арганізацыі міліцэйскай эстафеты?

– На этапе падрыхтоўкі пры ўдзеле старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага і кіраўніцтва аддзела ўнутраных спраў райвыканкама прайшло пасяджэнне рабочай групы, дзе вызначылі задачы па навядзенні парадку, падрыхтоўцы эстафеты, арганізацыі адпачынку і сустрэчы гасцей. Усе пастаўленыя задачы былі выкананы своечасова і ў поўным аб’ёме. Сіламі сектара спорту і турызму райвыканкама разам з супрацоўнікамі аддзела і ўпраўлення ўнутраных спраў была пракладзена паласа перашкодаў для эстафеты, якая атрымалася насычанай і цікавай. Словы ўдзячнасці і павагі арганізатарам гэтага маштабнага мерапрыемства былі выказаны генерал-маёрам міліцыі Дзмітрыем Рэзянковым і кіраўніцтвам УУС Гродзенскага аблвыканкама.

– Вадзім Васільевіч, каму хацелі б сказаць “дзякуй” за дапамогу ў падрыхтоўцы мерапрыемства?

– Самыя шчырыя словы ўдзячнасці за падтрымку, каардынацыю і арганізацыю нашага профільнага мерапрыемства адрасуем кіраўніку раёна Андрэю Садоўскаму. На памяць аб абласным мерапрыемстве, якое на найвышэйшым узроўні прыняла Дзятлаўшчына, мы ўручылі яму сімвалічную статуэтку эстафеты, такімі ж былі адзначаны ўсе каманды-ўдзельніцы. Як ужо было сказана, вялікую работу па арганізацыі і судзействе эстафеты зрабілі работнікі фізкультуры і спорту раёна на чале з Дзмітрыем Ёдам. Традыцыйна Дзятлаўшчына ўразіла гасцей чысцінёй і парадкам, а таксама цікавымі краязнаўчымі экскурсіямі, у гэтым заслуга калектыву камунальнай гаспадаркі раёна на чале з Васілём Пецюком, а таксама выдатнага экскурсавода турыстычнага інфармацыйнага цэнтра Алены Абрамчык. У вольны ад стартаў час удзельнікі эстафеты адпачылі на імправізаваным фуд-корце, паўдзельнічалі ў дэгустацыях і набылі прадукцыю прадпрыемстваў раёна – Дзятлаўскага філіяла ААТ “Молочный Мир”, ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”, Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства, за падтрымку ініцыятывы дзякую іх кіраўнікам Андрэю Жыдко, Аляксандру Яцуку, Мікалаю Гародку. Свята не было б поўным без удзелу нашых шаноўных работнікаў культуры, за што шчыра дзякуем начальніку аддзела культуры райвыканкама Васілю Шыцько і дырэктару Цэнтра культуры і народнай творчасці горада Дзятлава Наталлі Маліноўскай. Таксама выказваем словы падзякі аддзелу адукацыі і калектыву Круцілавіцкай сярэдняй школы, выступленне навучэнцаў якога стала сапраўдным упрыгажэннем мерапрыемства; валанцёрам раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа і ваеннаму камісарыяту раёна. Нарэшце, высокай пахвалы і вялікай удзячнасці заслугоўвае работа калектыву раённай газеты “Перамога”, стараннямі якога ў гісторыі зафіксаваны самыя яркія  моманты мерапрыемства. За магутную падтрымку, цёплую атмасферу і вялікую цікавасць да эстафеты дзякуем землякам і гасцям горада. Мерапрыемства атрымалася выдатным, зладжаным і яркім дзякуючы вам.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga