Наша памяць мацнейшая за час (+відэа)

Важнае Улада

У Дзятлаве ўрачыстасць з нагоды Дня Незалежнасці і 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў пачалася з Усебеларускай ранішняй малітвы ў храмах, потым праграму прадоўжыла ўрачыстае шэсце калектываў раёна да абеліска Славы райцэнтра.

У гэтым знакавым для жыхароў месцы адбыўся мітынг-рэквіем “Наша памяць мацнейшая за час”. Удзел у ім прыняло не толькі кіраўніцтва, дэпутацкі корпус, працоўныя і грамадскія арганізацыі раёна, але і госці з Расійскай Федэрацыі: намеснік кіраўніка адміністрацыі Абаянскага раёна Курскай вобласці Наталля Лук’янчыкава і намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі адміністрацыі Абаянскага раёна Міхаіл Алпееў.

Да дзятлаўчан таксама далучыліся нашчадкі славутых людзей: сын партызанскага сувязнога Міхаіла Пуйты, унук Якуба Пуйты, на хутары якога быў падпісаны ўказ аб заснаванні Ленінскай партызанскай брыгады, – Анатоль Пуйта, а таксама ўнук партызанскага камандзіра, начальніка штаба Ленінскай партызанскай брыгады Барыса Булата – Аляксандр Булат.

 

 

– 80 гадоў таму нашы дзяды і прадзеды адстаялі мір і незалежнасць, якія дасталіся нам дарагой цаной, – звярнуўся да прысутных старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі. – Горыч і пакуты з усім народам раздзялілі жыхары Дзятлаўшчыны. Не забыць трагедый спаленых вёсак, якія паўтарылі лёс Хатыні, ахвяраў Халакосту, загінулых дзяцей Дзятлаўскага прытулка і міжнароднага лагера “Наваельня”. Аднак пакуты не зламалі волю народа. Лясы Ліпічанскай пушчы ператварыліся ў цэнтр руху Ленінскай партызанскай брыгады. Народныя абаронцы смела помсцілі ворагам. Мы памятаем імёны першага камандзіра Ленінскай партызанскай брыгады Фёдара Сінічкіна, начальніка штаба Барыса Булата. Не забыць Герояў Савецкага Саюза, якія пахаваны на дзятлаўскай зямлі, Яна Фогеля, Паўла Пятрова, Івана Фурсенкі. Славім подзвіг славутага земляка Іосіфа Філідовіча. Сёлета горад Дзятлава ўзнагароджаны вымпелам “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны” і ўвайшоў у лік трох дзясяткаў беларускіх населеных пунктаў, удастоеных гэтага высокага знака пашаны.

За мірныя гады Беларусь адрадзілася з руін, шмат дасягнула як незалежная дзяржава. Мы беражліва захоўваем памяць аб героях, сваёй стваральнай працай даказваем вернасць традыцыям мінулых пакаленняў. Нізкі паклон усім, хто адстаяў наша права на жыццё і свабоду!

Павіншавала дзятлаўчан з галоўным святам краіны і госця з Расійскай Федэрацыі Наталля Лук’янчыкава:

– Мы памятаем страшныя гады вайны, стратаў, зверстваў фашызму. Загінулі 27 мільёнаў савецкіх грамадзян, ніводную сям’ю не абышло гора вайны. Такую жудасную цану савецкаму народу давялося заплаціць за Перамогу. Дзякуючы зладжаным дзеянням байцоў, партызанаў, працаўнікоў тылу мы адстаялі свабоду. Вельмі ганарова і пачэсна разам з вамі аддаць даніну памяці загінулым воінам, якія змагаліся за Беларусь. Усім міру, шчасця, дабра, Дзятлаўскаму раёну – працвітання.

Да віншаванняў далучыўся настаяцель касцёла Успення Найсвяцейшай Панны Марыі ў горадзе Дзятлаве ксёндз Андрэй Лішко.

Памяць загінулых удзельнікі мітынгу ўшанавалі хвілінай маўчання і ўскладаннем вянкоў і кветак да мемарыяла.

Ірына СТЫРНІК
Фота Наталлі АВЯРЧУК, Вольгі ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#Гродненская область #80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков #День Независимости



Теги: