Зажынкі ў КСУП “Войневічы”

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Першай ластаўкай сёлетняй уборачнай кампаніі стала жніво азімай сурэпіцы на насенне ў сельгаспрадпрыемстве “Войневічы”: на палеткі гаспадаркі ўпершыню ў гэтым сезоне выйшаў новы збожжаўборачны камбайн маркі “GOMSELMASH GS12A1 PRO” вытворчасці ААТ “Гомсельмаш”.

Каб павіншаваць з пачынам механізатара Мікалая Макарчука, які стартаваў за рулём сучаснай беларускай тэхнікі, на поле паблізу вёскі Ёцавічы прыбылі адміністрацыя і прафсаюзны камітэт сельгаспрадпрыемства.

– Сурэпіца – каштоўны корм для жывёлы. Сёлета мы ўжо зрабілі ўкос гэтай культуры на 28 гектарах палетка, а 2 гектары пакінулі на насенне для рэалізацыі, – расказаў намеснік дырэктара КСУП “Войневічы” Аляксандр Лахач. – Не абыходзімся на жніве без пажарнай машыны з аўтацыстэрнай, якая дзяжурыць побач.

Аляксандр Вячаслававіч заўважае, калі захаваецца цёплае сонечнае надвор’е, вялікая верагоднасць таго, што да канца чэрвеня аграрыі гаспадаркі прыступяць да ўборкі азімага ячменю.

Для Мікалая Макарчука гэта жніво юбілейнае – 15-е. Ён удзельнічае ва ўборачнай кампаніі кожны год, колькі працуе ў КСУП “Войневічы”. Летась атрымаў у падпарадкаванне новую тэхніку – сучасны камбайн з новай лінейкі “Гомсельмаш”, ад якога сам работнік у захапленні.

– Працаваць на такой тэхніцы – сапраўдная ўзнагарода для аграрыяў, – расказвае Мікалай Дзмітрыевіч. – Камбайн манеўраны, надзейны. Працуе добра, не ламаецца. Зручна карыстацца электронным табло, дзе ўсё відаць, ды і сама кабіна камфортная. У мінулым сезоне паказаў сябе выдатна, разам з ім і я стаў тысячнікам.

На новы сезон механізатар таксама мае выдатны працоўны настрой, ужо гатовы “ўліцца” ў масавае жніво і паказаць высокія вынікі.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga