Вы хочаце, каб наш горад быў чыстым, прыгожым і ўтульным? А хто ж не хоча? – адкажа кожны.
Аднак выбіраючы паміж уласным камфортам і грамадскім парадкам, мы ўсё ж аддаём перавагу сваёй “кашулі”.
Не так даўно стала сведкай размовы двух дзятлаўчан, гаворка зноў ішла пра аўтамабільнае пытанне. Нагода банальная: машына на газоне каля шматпавярховага дома. Адзін суразмоўца даказваў, што няправільна і некультурна вытоптваць траву ў жылым сектары, якая мусіла ўпрыгожваць і азеляняць двор.
– А дзе ж тады ставіць? – парыраваў апанент. – Калі стаянка невялікая, і тая ўся занята.
Размова атрымалася насычанай і аргументаванай, у ход ішлі довады, што ў вялікіх гарадах людзі ходзяць няблізка па машыну, а часам нават і ездзяць на грамадскім транспарце, а тут лішняга кроку ступіць баяцца.
Не ведаю, чым скончылася тая размова, бо пайшла далей па сваіх справах. Аднак задумалася аб тым, што і сапраўды, тэхнічны прагрэс нас істотна разбэсціў. Машыны на зялёнай зоне, пад самымі вокнамі дамоў, сталі звычайнай часткай гарадскога інтэр’еру, а там, дзе некалі радавала вока траўка, свой след пакінуў аўтамабіль.
Наколькі карэктна і, галоўнае, законна размяшчаць асабістыя транспартныя сродкі ў месцах, не прызначаных для гэтага, каменціруюць спецыялісты.
Васіль Пяцюк, дырэктар Дзятлаўскага РУП ЖКГ:
– Кожны год мы плануем і ажыццяўляем капітальны рамонт дваровых тэрыторый райцэнтра і пасёлкаў, апошні з аб’ектаў – двор па вуліцы Кірава. Абавязкова надаём увагу як стварэнню парковак для аўтатранспарту, так і зялёным зонам, якія з’яўляюцца неад’емнай часткай і ўпрыгажэннем дваровых тэрыторый. Напрыклад, у мікрараёне вуліцы Навагрудскай дастатковая колькасць асфальтаваных парковак, ёсць нават бясплатны паркінг для ўсіх, хто не змог размясціць машыну побач з домам. Аднак мясцовыя жыхары па кепскай звычцы прадаўжаюць паркавацца на газонах. Рэстаўрацыя зялёнай зоны пасля такой паркоўкі патрабуе як фізічных, так і фінансавых выдаткаў для камунальнай службы. Ды і банальная павага да суседзяў некаторым таксама не пашкодзіць.
Андрэй Іскра, дзяржаўтаінспектар міжраённага аддзела ДАІ па абслугоўванні Слонімскага, Дзятлаўскага і Зэльвенскага раёнаў:
– Згодна з правіламі на зялёнай зоне забаронены прыпынак і стаянка транспартных сродкаў. За парушэнне іх на першы раз вадзіцель можа атрымаць папярэджанне, на другі – будзе прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці са штрафам ад 2 да 5 базавых велічыняў. Аўтамабіль павінен размяшчацца строга ў належным месцы, без парушэння правілаў дарожнага руху. Выключэнняў няма і быць не можа.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga