Будзем здаровыя!
У летніку “Весяльчак” Круцілавіцкай сярэдняй школы прайшоў дзень здароўя. Выхаванцы прынялі актыўны ўдзел у квэст-гульні “Зберажом здароўе самі!”, ад медсястры даведаліся аб правілах захавання добрага слыху, а ад валеолага раённага цэнтра эпідэміялогіі і гігіены Наталлі Юрэня – аб шкодных звычках і іх наступствах для арганізма чалавека. Вынікам тэматычнага дня стаў створаны выхаванцамі калаж “Мы выбіраем здароўе!”.
У гасцях у ратаўнікоў
Выхаванцы аздараўленчага летніка “Сонейка” Жукоўшчынскай базавай школы пабывалі на экскурсіі ў Дзятлаўскім РАНС. Яны пазнаёміліся з працай ратаўнікоў і пажарных, паўтарылі правілы паводзінаў у экстранных сітуацыях. Спецыялісты РАНС правялі інтэрактыўныя ўрокі аб тым, як правільна карыстацца вогнетушыцелем, эвакуіравацца з будынка пры пажары і аказваць першую дапамогу пацярпелым.
Экскурсія ў Дэпартамент аховы
Выхаванцы летніка “Эрудыт+” гімназіі № 1 наведалі Дзятлаўскі аддзел Дэпартамента аховы МУС. Дзеці пазнаёміліся з базай арганізацыі, экіпіроўкай супрацоўнікаў, службовым транспартам, спецыфікай работы Дэпартамента аховы, ім прадэманстравалі сродкі індывідуальнай і актыўнай абароны. Не менш цікавым стала паказальнае выступленне кінолага і яго службовага сабакі па мянушцы Рэй.
Адзін дзень з жыцця летніка “Усмешка”
Для выхаванцаў гэтага летніка сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава цікавай і запамінальнай стала экскурсія ў Лідскі замак. Дзеці пачулі яго гісторыю, прайшліся па залах, па галерэі да вежы. Асабліва ўразіла іх зала з прыстасаваннямі для пакаранняў за злачынствы, абразы, падман. Спадабаліся імакеты замка, старажытная зброя.
ІНКЛЮэкскурсія ў сямейную ганчарную майстэрню
Наведвальнікі дзіцячага аздараўленчага летніка з дзённым знаходжаннем “Пазітыў” Дзятлаўскага раённага ЦКРНіР разам з бацькамі і выхавальнікамі адправіліся ў ІНКЛЮэкскурсію ў гарпасёлак Наваельня на майстар-клас па ганчарстве. Гаспадары майстэрні Анатоль і Тамара Кардашы расказалі пра гісторыю ганчарнага мастацтва, уласцівасці гліны, сакрэты яе падрыхтоўкі да работы, паказалі інструменты, неабходныя для працы.
Падрыхтавала Таццяна САНЮК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga