У зале пасяджэнняў АУС райвыканкама ва ўрачыстай абстаноўцы прысягу на вернасць Рэспубліцы Беларусь прынеслі трое новых яе грамадзян.
Жаданне атрымаць беларускае грамадзянства выказалі дзве ў мінулым грамадзянкі Украіны – Людміла і Алена Дзячэнка і былы грамадзянін Расійскай Федэрацыі Расціслаў Лычкоўскі. Згодна з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь” рашэннем УУС Гродзенскага аблвыканкама яно было задаволена і пасля прыняцця прысягі новым грамадзянам Беларусі ўручылі іх асабісты галоўны дакумент.
З важным этапам у жыцці іх павіншавалі намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Бялятка, начальнік аддзела міліцыі Вадзім Шчурскі, першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык.
– Быць грамадзянінам Рэспублікі Беларусь – высокі гонар, – адзначыў намеснік кіраўніка раёна. – Дзе мы ні былі – за мяжой або на сваёй зямлі – заўжды верныя Айчыне. Нашаму народу ўласцівы любоў да Радзімы, клопат аб яе дабрабыце і адказнасць за лёс. Шануйце сваю краіну і ганарыцеся тым, што вы – беларусы.
Паўдзельнічалі ў гэтай гістарычнай падзеі і падтрымалі землякоў у такі важны дзень маладыя грамадзяне Беларусі – навучэнцы сярэдняй школы № 1 і прававога класа сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава.
Грамадзян Беларусі павіншавалі з важнымі дзяржаўнымі святамі цяпер ужо іх краіны – Днём Перамогі, Днём Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь.
На старце ў новае жыццё іх пазнаёмілі з трагічнымі старонкамі гісторыі нашай краіны ў час прагляду кінафільма аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Наталля АВЯРЧУК
Фота прадастаўлены АУС райвыканкама
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga