Служыць у арміі – ганаровы абавязак мужчыны

Важнае Грамадства

У рамках мерапрыемстваў прызыву на тэрміновую ваенную службу ў Дзятлаўскім раённым ваенным камісарыяце 26 красавіка ладзілася кантрольная яўка прызыўнікоў.

Для давядзення інфармацыі і кантрольнай праверкі гатоўнасці з юнакамі, якія ўжо праз некалькі сутак адправяцца ў свае часці, сустрэўся ваенны камісар Дзятлаўскага раёна Генадзь Суравец.

– Кантрольная яўка праводзіцца для таго, каб вызначыць, ці не маюць прызыўнікі скаргаў па здароўі, ці не ўзніклі якія-небудзь сямейныя, бытавыя, фізіялагічныя перашкоды, якія могуць паўплываць на гатоўнасць маладых людзей ісці ва Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь. Юнакам даводзяцца правілы паводзінаў на зборным абласным пункце, расказваецца, што можна з сабой узяць, нагадваюцца патрабаванні заканадаўства, – патлумачыла начальнік групы прызыву на ваенную службу ваеннага камісарыята Дзятлаўскага раёна Таццяна Трашчаліна.

З якім настроем рыхтуюцца да службы ў арміі, расказалі самі прызыўнікі і паразважалі, чаму сапраўдным мужчынам важна прайсці гэты жыццёвы этап.

Алег Пачук:

– Служыць іду ў горад Ліду ў пагранічныя войскі. Настрой вясёлы, бадзёры. Лічу, што гэта важны этап майго жыцця, бо армія выхоўвае мужнасць, умацоўвае нашу любоў да Радзімы. Я буду абараняць граніцу Беларусі, пастараюся рабіць гэта годна, каб беларусы і мае землякі ў прыватнасці не перажывалі, што яе парушаць, што стане неспакойна.

Дзяніс Марчук:

– Служыць буду ў Гродне, у войсках МУС. Мне пашчасціла туды трапіць, таму іду ў армію з выдатным настроем. У час службы сярод нашых задач будзе падтрыманне парадку і спакою ў абласным цэнтры. Я ўпэўнены, што кожнаму юнаку варта праз такое прайсці, бо армія выхоўвае мужнасць, самастойнасць, дысцыпліну. Таму хлопцам, якія набліжаюцца да прызыўнога ўзросту, жадаю рыхтавацца і не хварэць, займацца спортам.

Арцём Ерамейчык:

– Іду ва ўнутраныя войскі, служыць буду ў горадзе Мінску. Па здароўі я мог выбіраць сабе род войскаў, і выбраў лепшыя з даступных. Так супала, што прыязджаў прадстаўнік часці, мяне ўзгаднілі. Я гэтаму вельмі рады, бо там мне будзе забяспечана добрая фізічная падрыхтоўка. Пераважна будзем займацца падтрыманнем правапарадку ў сталіцы, дапамагаць іншым часцям. Мужчыну важна адслужыць у арміі, бо ён павінен быць моцным, трывалым, умець пастаяць за сябе і сваю сям’ю. У мяне ёсць незакончаная вышэйшая адукацыя, калі я яе атрымаю, то разгледжу магчымасць службы па кантракце.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga