“Усё цудоўнае ў чалавеку — ад промняў сонца і ад малака маці”. Гэтыя словы класіка літаратуры Максіма Горкага яскрава характарызуюць прызначэнне жанчыны — быць для родных і блізкіх маленькім сонейкам, крыніцай пяшчоты і жыцця. Міжнародны жаночы дзень мы святкуем 8 сакавіка, калі вясновае сонца спакваля набірае сілу. Такім жа чынам жыццёвую сілу набірае любоў у сэрцах дзяцей, пакуль яны растуць і атрымліваюць ад сваіх матуляў дабрыню, клопат, пяшчоту. А давайце зірнём на жанчын-маці вачамі іх дзяцей. Зрабіць гэта карэспандэнтцы газеты “Перамога” дапамаглі ўдзельнікі гуртка “Юны журналіст” сярэдняй школы №3 горада Дзятлава (кіраўнік С. У. Урбан), якія падрыхтавалі міні-звароты да сваіх матуляў.

Аляксандра Жук:

— Мая мамачка, Сняжана Ягораўна Жук, ты самая прыгожая, добрая, пяшчотная, клапатлівая. Люблю назіраць за тваімі ўмелымі рукамі, калі ты вышываеш крыжыкам. А якое задавальненне мне прыносяць нашы сумесныя прагулкі па горадзе, чытанне кніг, майстар-класы на кухні. Спадзяюся, калі-небудзь я навучуся гатаваць такія ж смачныя сырнікі, пірожныя і шарлоткі, якія атрымліваюцца ў цябе. Дзякуй, што ты ёсць у нас з братам. Калі б магла, падарыла б табе доўгія гады жыцця, а пакуль дару сваю любоў і пяшчоту. Радасці, здароўя табе і вечнай прыгажосці.

Аліна Заяц:

— Справядлівая, клапатлівая, добрая і ўсё разумееш. Гэта пра цябе, мая мамачка, Саіда Мікалаеўна Заяц. Твае захапленні — вязанне і гатаванне страваў. А, можа, мне гэта толькі здаецца, бо ты ніколі не скардзішся і выконваеш хатнія справы з задавальненнем. Разам з табой мы глядзім па тэлевізары біятлон і кінастужкі, гатуем розныя стравы і гуляем. Мне заўсёды ўтульна побач з табой. Я нават не ведаю, які з тваіх кулінарных шэдэўраў мне найбольш даспадобы — усе яны вельмі смачныя. Ты шмат сілаў аддаеш мне і майму брату. Калі б я толькі магла, падарыла б табе пуцёўку да цёплага мора, каб ты добра адпачыла пад промнямі паўднёвага сонца. Шчасця табе і цярпення, а галоўнае — здароўя.

Кацярына Івашэвіч:

— Любоў Іванаўна Івашэвіч. Гэта мая матуля. Мамачка, для мяне ты самая добрая, клапатлівая, працалюбівая. Толькі твае працавітыя рукі злольны прыгатаваць такую смачную выпечку, якая бывае на нашым стале. Ты і мяне вучыш гатаваць. Мы часта разам гуляем па горадзе і размаўляем пра ўсё на свеце. Не сумняваюся, што мы з сястрой вырасцем у цябе добрымі гаспадынямі. Я вельмі хацела б падарыць табе вялікі дом, дзе было б прасторна нашай сям’і і дзе мы абавязкова завялі б сабаку. Моцнага табе здароўя і радасці.

Паліна Ярмаловіч:

— Матуля мая, Алена Андрэеўна Ярмаловіч! Ты разумная, прыгожая, добрая, адказная, вясёлая, працавітая. Твае спрытныя рукі ўмеюць вязаць прыгожыя рэчы і гатаваць самыя смачныя ў свеце стравы. Мы з сястрычкай Насцяй заўсёды ядзім іх з вялікім задавальненнем, бо цэнім тваё старанне. А якое задавальненне прыносяць нам сумесныя паходы па пакупкі. Мамачка, калі б толькі магла, падарыла б табе ўсе кветкі Зямлі, а пакуль дару любоў і пяшчоту. Заставайся такой жа добрай і прыгожай, а самае галоўнае — той мамай, якую я так люблю.

Ілона Радомская:

— Ты прыгожая і пазітыўная, ты заўжды ведаеш, што мне сказаць і чым мяне заняць, матуля мая, Святлана Мікалаеўна Радомская. Ты вельмі творчы чалавек — прыгожа малюеш, танцуеш, спяваеш. Колькі цікавага я даведалася ад цябе ў моманты нашых задушэўных размоваў. Ты мне расказваеш, як жыла раней, чым вы займаліся з сябрамі, калі не было камп’ютараў. Гэтыя гісторыі такія пазнавальныя і вясёлыя, што і мне хочацца перажыць нешта падобнае. Твая творчасць праяўляецца нават у прыгатаванні страваў, яны смачныя, і ты зноў паклала ў іх новыя інгрэдыенты — цябе выдае хітрынка ў вачах. Я, брат, сястра. Думаю, табе нялёгка бывае клапаціцца пра нас траіх, але ты ўсё паспяваеш! Я хачу падарыць табе шмат шчасця і ўсмешак. Жадаю, каб ты доўга жыла і ўсе твае мары ажыццявіліся.

Аліна Баброўская:

— Мамачка мая, Ірына Іванаўна Баброўская! Ты клапатлівая, прыгожая, пазітыўная, здольная прыйсці на дапамогу любому ў цяжкую хвіліну, даць мудрую параду. Ты любіш гатаваць і робіш гэта “на выдатна”. Я люблю гуляць з табою, ездзіць у паездкі, спазнаваць новае. А якія смачныя тарты ты пячэш для нас з сястрычкай. Я мару падарыць табе ўсё, што ты захочаш, жадаю, каб збываліся твае мары. Здароўя, шчасця, і няхай кожны дзень будзе для цябе як свята.

Анастасія Станкевіч:

— Вольга Мікалаеўна Станкевіч, матуля любімая мая! Ты добрая, адказная, уважлівая, спагадлівая, пазітыўная, працалюбівая і вялікая фантазёрка. З розных дробязяў ты ўмееш зрабіць неверагодныя ўпрыгажэнні для дома. Дзякуючы табе ў нас вельмі ўтульна і шмат пакаёвых кветак, бо гэта яшчэ адно тваё захапленне. Разам з табой мы малюем, гуляем з нашым сабакам. Разам гатуем розныя стравы, і яны ўсе такія смачныя, бо галоўны іх “інгрэдыент” — твая любоў, якою ты шчодра дзелішся з намі. Матуля, ты для мяне лепшы прыклад для пераймання. Гэта ты вучыш мяне быць адказнай, міласэрнай, дапамагаць людзям. Калі б я толькі магла, падарыла б табе бязмежнае шчасце і чароўную палачку для ажыццяўлення ўсіх мараў. Я вельмі цябе люблю.

Падрыхтавала да друку І. КАЎКЕЛЬ

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
На працоўнай хвалі

На працоўнай хвалі

18 апреля, 2026
Депутаты едут в округа!
Моладзевыя навіны. Як запаліць іскрынку краўдфандынгу ў сэрцах юных валанцёраў?

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации