Прафілактыка распаўсюджвання п’янства і алкагалізму, як і іншых негатыўных з’яваў у грамадстве, патрабуе сістэмнай і мэтанакіраванай работы службаў раёна, а таксама комплекснага падыходу.
На 1 студзеня 2024 года сіндромам залежнасці ад алкаголю пакутуюць 636 жыхароў раёна.
У 2023 годзе на Дзятлаўшчыне па рашэнні суда ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі было ізалявана 30 асобаў, якія злоўжывалі спіртнымі напоямі, адна з іх жанчына. Ад агульнай колькасці напраўленых на лячэнне 9 знаходзіліся на ўліку за сямейна-бытавыя скандалы, 11 – раней судзімыя, 2 з’яўляліся адказнымі асобамі па Дэкрэце № 18. Ад атручвання алкаголем летась у раёне загінуў адзін чалавек, годам раней такіх было трое.
За незаконны абарот алкагольнай прадукцыі адказнасць панеслі 14 жыхароў Дзятлаўшчыны. Канфіскавана 234,5 літра алкагольнай прадукцыі, у тым ліку 231 літр самагоннай брагі, 3 самагонныя апараты.
Варта памятаць, што большасць злачынстваў супраць асобы ўчыняюцца ў даволі прадказальных умовах: як правіла, ім папярэднічаюць зацяжныя канфлікты, аб якіх вядома суседзям, калегам па рабоце, сваякам, прадстаўнікам органаў мясцовай улады, участковаму інспектару міліцыі. Найперш гэта сваркі з нанясеннем цялесных пашкоджанняў, сістэматычнае п’янства, паразітычны лад жыцця, іншыя антыграмадскія праявы, якія не павінны заставацца па-за ўвагай супрацоўнікаў міліцыі і мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў.
Звярнуць увагу трэба і на тое, што сярод 4 чалавек, якія летась на Дзятлаўшчыне загінулі ў пажарах, 3 п’янымі закурылі ў ложку, што і стала прычынай вогненных трагедый. Усе чацвёра загінулыя былі пенсіянерамі, жылі адзінока. На ўліку ў сельвыканкамах як асобы, якія злоўжываюць спіртным, знаходзіліся 2 з 4 чалавек, у доктара-нарколага – аналагічна.
У выніку праверак, праведзеных пракуратурай раёна ў 2023 годзе па выкананні патрабаванняў заканадаўства аб прафілактыцы правапарушэнняў, у тым ліку якія тычацца барацьбы з п’янствам і наркаманіяй, на адрас суб’ектаў прафілактыкі было накіравана адно прадстаўленне, 21 афіцыйнае папярэджанне. Па патрабаванні пракурора 30 асобаў панеслі адміністрацыйную адказнасць, да адной прыняты меры матэрыяльнага спагнання.
Віталій ЮРГО,
пракурор Дзятлаўскага раёна
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga