У “Здаравячку” – час адкрыццяў і прыгод
Восеньскі дзіцячы лагер “Здаравячок” Казлоўшчынскай сярэдняй школы прыняў сёлета 26 навучэнцаў. Работа лагера, уключаючы рэжым дня, харчаванне, выхаваўчыя мерапрыемствы, накіравана на стварэнне найбольш спрыяльных умоваў для адпачынку і аздараўлення дзяцей, для развіцця іх фізічных і творчых здольнасцяў. Знаходжанне тут для кожнага дзіцяці – час атрымання новых ведаў, набыцця навыкаў і жыццёвага вопыту. Гэта магчыма дзякуючы прадуманай арганізаванай сістэме планавання лагернай змены.
Дружба з “Усмешкай”
Педагогі сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава для змястоўнага адпачынку і карыснай занятасці навучэнцаў распрацавалі для змены ў школьным аздараўленчым лагеры з дзённым знаходжаннем дзяцей “Усмешка” гульнявую мадэль “Восеньскі калейдаскоп”, якая ўключае мноства экскурсій, прагулак, сустрэч, спартыўных мерапрыемстваў і майстар-класаў.
Пазнавальным і цікавым тут стаў Дзень дружбы.
Выхаванцы выбралі органы самакіравання, аформілі атрадныя куткі, паўдзельнічалі ў спартыўным мерапрыемстве. Пасля гэтага яны пабывалі на экскурсіі ў раённым аддзеле Дэпартамента аховы, дзе сустрэліся з міліцыянерам-кінолагам і яго верным сябрам Громам, пазнаёміліся з транспартам і тэхнічнымі сродкамі аддзела. Акрамя гэтага, адзін атрад здзейсніў пешую прагулку і правёў фотасесію восеньскіх уражанняў. А другі паўдзельнічаў у майстар-класе па вырабе падставак для алоўкаў і ручак.
Затым усе актыўна адгадвалі знаёмыя мелодыі, спявалі свае любімыя песні, гулялі ў музычныя гульні ў дзіцячым караоке “Голас восені”. Скончыўся дзень у лагеры гульнявой праграмай “Дзень сяброў”.
І такое магчыма!
У аздараўленчым лагеры “Сузор’е адкрыццяў” Раклевіцкай базавай школы кожны дзень насычаны забаўляльнымі мерапрыемствамі, спартыўнымі гульнямі, экскурсіямі. Вельмі запамінальным стаў кулінарны паядынак “Вясёлыя вітаміны”, праведзены на базе Жукоўшчынскай базавай школы. Выхаванцы школьных лагераў спаборнічалі ў прыгатаванні фруктовай салаты, фрэшаў з агародніны. Праграму дапоўнілі розныя конкурсы і віктарыны, у якіх дзеці змаглі прадэманстраваць свае веды аб правілах правільнага харчавання, творчыя здольнасці, а таксама дазволілі згуртаваць дзіцячы калектыў.
Падрыхтавала Таццяна САНЮК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga