Захаванне памяці і беражлівыя адносіны да гістарычнага мінулага сваёй Айчыны – абавязак нашчадкаў.
Сучаснае пакаленне павінна рабіць усё магчымае, каб супрацьстаяць фальсіфікацыі і скажэнню фактаў аб Вялікай Айчыннай вайне і генацыдзе беларускага народа.
Як расказала начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Рагачова, каб даносіць да людзей праўдзівую і аб’ектыўную інфармацыю аб падзеях ваеннага ліхалецця, сумесна з пракуратурай Дзятлаўскага раёна быў распрацаваны графік сустрэч у працоўных калектывах. Чарговая з іх адбылася з работнікамі сфераў культуры і адукацыі ў цэнтральнай раённай бібліятэцы.
Пракурор Дзятлаўскага раёна Віталій Юрго расказаў прысутным аб ходзе расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд, узбуджанай Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь у 2021 годзе. Ён падкрэсліў, што выяўлена шмат новых фактаў аб крывавых справах ваенных злачынцаў і іх памагатых. Гэта даказвае, што Беларусь падвяргалася ўсім формам генацыду. У час акупацыі беларускіх тэрыторый германскае камандаванне ўзводзіла зверствы ў адносінах да мірных жыхароў у ранг дзяржаўнай палітыкі. З першых дзён акупацыі Вермахтам, спецыяльна створанымі камандамі СС і СД масавае знішчэнне насельніцтва было пастаўлена на паток, ствараліся сотні месцаў прымусовага ўтрымання людзей, вядомых як “лагеры смерці”, стандартным “сцэнарыем”, узятым на ўзбраенне фашыстаў, стала і знішчэнне вёсак разам з жыхарамі ў час так званых “уціхамірвальных акцый”. Следчай групай ужо вывучаны важкі масіў архіўных крымінальных спраў, агледжана больш за 500 месцаў крывавых здарэнняў, у час папярэдняга следства дапрошана каля 17 тысяч чалавек, у тым ліку вязняў былых лагераў смерці. Выяўлены раней невядомыя факты ваенных злачынстваў. Напрыклад, у Гомельскай вобласці ў Чонкаўскім лясніцтве былі знойдзены і падняты косныя рэшткі каля 500 чалавек, прычынай смерці якіх сталі агнястрэльныя раненні з нямецкай зброі. На Дзятлаўшчыне падобнае месца расстрэлу мірных жыхароў, як памятаем, таксама выяўлена ў гарпасёлку Наваельня, дзе было праведзена іх перапахаванне.
У многіх карных аперацыях прымалі ўдзел батальёны з ліку польскіх, эстонскіх, украінскіх, латвійскіх і іншых нацыяналістычных фарміраванняў, прычым нашчадкі карнікаў у наш час жывуць на тэрыторыі замежных дзяржаваў, карыстаючыся іх абаронай. Генпракуратура ведае аб месцы знаходжання каля 400 такіх асобаў. Гэта далёка не ўсе ўстаноўленыя факты. Разам з папярэднім следствам вядзецца інфармацыйная, адукацыйная і выхаваўчая работа. Па ініцыятыве Генпракуратуры прыняты Закон “Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму”. Ён і Закон аб генацыдзе – своеасаблівы прававы бар’ер на шляху спробаў фальсіфікацыі гістарычнай праўды, абарона якой закладзена ў Канстытуцыю нашай дзяржавы. Генеральная пракуратура і надалей прадоўжыць актыўнае ўзаемадзеянне са сродкамі масавай інфармацыі, на сайце ведамства ўжо апублікаваны відэадопыты жывых сведкаў тых страшных падзей. Расследаванне генацыду – не толькі даніна памяці загінулым, але і захаванне гістарычнай справядлівасці.
Напрыканцы Віталій Юрго і Вольга Рагачова прадставілі ўдзельнікам сустрэчы відэастужку “Азарычы” з дакументальнага цыкла “Без тэрміну даўнасці” аб генацыдзе мірнага насельніцтва ў гады Вялікай Айчыннай вайны і азнаёміліся з тэматычнай кніжнай выставай, падрыхтаванай работнікамі бібліятэкі.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga