Гэтыя словы сталі лейтматывам раённага конкурсу грацыі і таленту «Краса Дзятлаўшчыны — 2016». Сёлета ён прайшоў пяты раз. Удзел у ім узялі пяць прадстаўніцаў прыгожага полу: Алена Ясевіч, Наталля Кароль, Валянціна Гмір, Кацярына Назарава, Кацярына Іода.
Першае выпрабаванне конкурсу — дэфіле ў вобразе. Згодна з лейтматывам мерапрыемства, дзяўчаты выйшлі на сцэну ў чорных сукенках, якія ўвайшлі ў моду дзякуючы легендарнай францужанцы Како Шанэль.
Аб тым, дзе працуюць канкурсанткі, чым захапляюцца і пра што мараць, яны расказалі ў сваіх відэавізітках.
Самым відовішчным этапам конкурсу стала хатняе заданне: дзяўчатам неабходна было прадэманстраваць свой творчы патэнцыял. Алена Ясевіч выступіла ў амплуа спявачкі. Наталля Кароль — як артыстка гумарыстычнага жанру. Кацярына Іода выдатна прадэкламавала пісьмо Таццяны да Анегіна. Імправізацыю ў стылі вулічнага тэатра прадставіла Кацярына Назарава. Валянціна Гмір прадэманстравала свае вакальныя здольнасці. Адметна тое, што дзяўчына выканала песню на англійскай мове.
Свой інтэлектуальны патэнцыял — уменне хутка знайсці адказ на пастаўленае пытанне — удзельніцы конкурсу паказалі ў час эрудычнага конкурсу. А вось якімі гаспадынямі з’яўляюцца дзяўчаты, высветліў кулінарны конкурс.
Завяршыла праграму дэфіле прыгажуняў у вясельных сукенках.
Майстэрства канкурсантак ацэньвала журы, узначаліў якое старшыня прафсаюза работнікаў аграпрамысловага конкурсу У. Ф. Казак. Гэты прафсаюз з’яўляецца пастаянным спонсарам конкурсу. Таксама ў ліку сёлетніх спонсараў мерапрыемства — філіял «Санаторый «Радон» ААТ «Белаграздраўніца», філіял №407 «ААТ ААБ» Беларусбанк» у Дзятлаве.
Стварыць прыгожы вобраз канкурсанткам дапамагла цырульнік са Слоніма Юлія Александровіч.
Святочны настрой гледачам стваралі і самадзейныя артысты Дзятлаўшчыны — Генадзь Суравец, Андрэй Пузач, Іван Кашко, Улад Ракуць, Улад Чарняўскі, Дар’я Ёдчык.
Самым інтрыгуючым момантам конкурсу стала падвядзенне яго вынікаў. Званне «Міс сімпатыі гледачоў» атрымала Кацярына Іода — прадстаўніца Дзятлаўскай раённай бальніцы. Яна стала пераможцай і ў намінацыі «Міс фота». «Міс абаяльнасць» прызнана Кацярына Назарава (СВК «Граніт-Агра»).
Яшчэ адна прадстаўніца раённай бальніцы Наталля Кароль стала другой віцэ-міс конкурсу. Першая віцэ-міс — Алена Ясевіч, бухгалтар прыватнага гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства «Энерганіка».
Тытул «Краса Дзятлаўшчыны-2016» атрымала Валянціна Гмір — юрысконсульт ААТ «Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод «Алгонь».
Карону пераможцы дзяўчыне ўручыла «Краса Дзятлаўшчыны-2014» Алена Кулікова.
Усе ўдзельніцы конкурсу атрымалі падарункі ад арганізацый, дзе яны працуюць, раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, філіяла №407 «ААТ «ААБ «Беларусбанк» у Дзятлаве. Адна з удзельніц конкурсу атрымала падарункі ад раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Белая Русь».
Галоўным прызам конкурсу, які атрымала Валянціна Гмір, стаў сертыфікат на наведванне спа-працэдураў у санаторыі «Радон».
А. ДУБРОЎСКАЯ
ФОТА П. АДАМЧУКА