Трэба дома бываць часцей

Важнае Грамадства

На парозе лета – час сонца, купання, агародаў і… дачных крадзяжоў.

Згодна з міліцэйскай статыстыкай, у 2022 годзе на Дзятлаўшчыне было здзейснена ўсяго 10 такіх злачынстваў, у 2023 – ужо 10.

Спытаецеся, чаму абіральныя зламыснікі чакаюць менавіта “курортнага” сезона для сваіх незаконных справаў? Ды ніхто не пільнуе пацяплення, проста пераважная большасць дачнікаў, якая летам часта наведвае вясковы домік, з надыходам халадоў прытрымліваецца алгарытму “зачыніў і забыў” да наступнага года. Такія закансерваваныя дамы і становяцца прынадным кавалкам для асобаў, якія злоўжываюць алкаголем, вядуць асацыяльны лад жыцця, не маюць пастаяннага даходу. Каб патрапіць унутр, такія “элементы” ўскрываюць акно або пашкоджваюць у дамах дзвярны прабой. Выносяць усё, што па іх меркаванні кепска ляжыць, а прапажу гаспадары заўважаюць, калі вяртаюцца на дачу садзіць агароды. Пацярпелыя падаюць заяву аб злачынстве, калі саміх злодзеяў ужо і след прастыў і калі шанцы на знаходку скрадзенага мінімальныя. Усяго гэтага можна было не дапусціць, паклапаціўшыся аб надзейных замках не толькі на самім доме, але і на прыбудовах або паставіць сваю маёмасць на “ахову” спецыялістаў.

Істотна лепшая сітуацыя ў нашым раёне з захаванасцю летняга транспарту. Статыстыка па крадзяжах веласіпедаў сціплая: 1 у мінулым і 1 у гэтым годзе. Прычым, сёлета веласіпед таксама “свіснулі” з падворка нежылога дома.

– Нярэдкія выпадкі такіх крадзяжоў у лясным масіве, калі аматары грыбоў і ягад пакідаюць свае веласіпеды каля дрэва або на палянцы, а потым  не знаходзяць іх, – расказвае старшы оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку АУС Дзятлаўскага райвыканкама Аляксандр Пацыновіч. – Здараецца, калі людзі грэбуюць нават самымі простымі гнуткімі запорнымі прыстасаваннямі, якія могуць надзейна абараніць асабісты транспарт ад злодзеяў.

Заўсёды прасцей “напружыць” міліцыю: яны ж павінны ахоўваць наш спакой і маёмасць! А што калі самім паспрабаваць быць больш уважлівымі і ашчаднымі да свайго ж дабра? Можа, і злачынстваў стала б менш.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga