Дзятлаўшчына далучылася да рэспубліканскай акцыі, прымеркаванай да Дня сям’і.
У аддзеле ЗАГС райвыканкама віншаванні прымалі бацькі, якія прыйшлі зарэгістраваць сваіх нованароджаных дзяцей.
Вольга і Віталій Шыкасы прыйшлі на ўрачыстую рэгістрацыю ўсёй сям’ёй – разам са старэйшым сынам Макарам і маленькім Аляксеем, які нарадзіўся ў Дзень працы 1 мая. Пажаданні здароўя і шчасця ім адрасавалі работнікі ЗАГСа.
– Вельмі прыемна, што ёсць такія мерапрыемствы, віншаванні сталі для нас прыемным сюрпрызам, – падзялілася ўражаннямі Вольга Аляксандраўна. – Дзень сям’і – важнае свята ў нашым календары. Звычайна адзначаем яго сумеснымі прагулкамі па горадзе.
Старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” Алена Васкель таксама павіншавала шчаслівых бацькоў і расказала, што наша дзяржава пастаянна аказвае падтрымку сем’ям, у якіх падрастаюць маленькія грамадзяне Беларусі. Асабліва важкая дапамога прадастаўляецца шматдзетным сем’ям, якія атрымліваюць ільготы ў сферы адукацыі, крэдытавання, жыллёвага будаўніцтва, прызначаецца сямейны капітал.
– У нашай дзяржаве створаны ўсе ўмовы, каб нараджаць і дастойна гадаваць як мінімум траіх дзяцей, – адзначыла Алена Раманаўна.
Яна пажадала шчаслівым бацькам дабрабыту, здароўя і цярпення, а яшчэ – праз некаторы час стаць шматдзетнай сям’ёй.
Таксама ў гэты дзень прымалі віншаванні шчаслівыя бацькі маленькай грамадзянкі Беларусі Ганны Кароль – Аляксандр і Вікторыя, сям’я якіх папоўнілася напрыканцы красавіка.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga