Гістарычны шлях беларусаў – мір і стварэнне

Важнае Улада

20 красавіка з удзелам некалькіх інфармацыйна-прапагандысцкіх груп на Дзятлаўшчыне прайшоў Адзіны дзень інфармавання насельніцтва.

З калектывам Дзятлаўскага прадпрыемства меліярацыйных сістэм сустрэлася абласная група пад кіраўніцтвам начальніка галоўнага ўпраўлення юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама Алены Юргель, таксама працавалі групы старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага, намеснікаў старшыні райвыканкама Ігара Кухарэвіча, Дзмітрыя Баравіка, Вольгі Жэлезоўскай.

Сярод тэмаў для абмеркавання найперш узгадалі ключавыя аспекты Паслання Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь.

Так, адзіным выйсцем з украінскага канфлікту лідар краіны назваў “перамовы без папярэдніх умоваў” і ўдакладніў, што “разлічваць на перамогу з дзяржавай, якая валодае ядзернай зброяй, – вар’яцтва”. Сярод умоваў, пры якіх Беларусь не будзе ўцягнута ў вайну і застанецца суверэннай дзяржавай – народнае адзінства, гістарычная памяць і захаванне нацыянальных традыцый, таму, як падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, “Год міру і стварэння павінен стаць працягам асноўнай ідэі Года гістарычнай памяці, бо мір на Зямлі без яе немагчымы, а стварэнне – гэта пераемнасць гістарычнага шляху і крок у будучыню”, прычым “трэба больш актыўна папулярызаваць уласныя традыцыі, сімвалы, артыстаў, мастакоў і гэтак далей”.

Гаворачы пра эканоміку і санкцыйны ціск, Прэзідэнт падкрэсліў, што менавіта імпартазамяшчэнне стала пытаннем нацыянальнай бяспекі. З’явіласая шырокае поле для рэалізацыі самых смелых задум беларускіх вучоных. Варта сур’ёзна ўкладвацца ў вытворчасць, захаваць тэмпы развіцця, працаваць над лагістыкай. “Усе гэтыя задачы – пытанне не толькі матэрыяльнага дабрабыту Беларусі. Будзем і надалей самі сябе карміць, апранаць, забяспечваць жыллём і іншымі выгодамі цывілізацыі – будзем самі вырашаць, як нам жыць” – адзначыў ён. Наконт сацыяльнай справядлівасці было заўважана, што зарплата павінна быць “заробленай”, цэны – на кантролі, пажылыя грамадзяне – абароненымі, а рост тарыфаў на камунальныя паслугі для насельніцтва не павінен перавышаць 5 долараў ЗША ў эквіваленце, таксама трэба раўназначна развіваць рэгіёны, больш увагі надаваць замацаванню кадраў і занятасці насельніцтва. Закранаючы тэму дэмаграфічнай бяспекі, асаблівую ўвагу Прэзідэнт звярнуў на здароўе дзяцей і падтрымку шматдзетных сем’яў. Што тычыцца адукацыі, то яна павінна адпавядаць запытам нацыянальнай эканомікі і быць непадзельнай з выхаваннем, прычым “выхаваць патрыёта можа толькі патрыёт”.

Звяртаючыся да знешняй палітыкі, лідар нашай дзяржавы выказаў меркаванне, што цяпер самы час зрабіць разварот на Усход, а таксама паскорана развіваць адносіны з бліжэйшымі саюзнікамі, галоўныя з якіх Расія і Кітай. Гаворачы пра абараназдольнасць і бяспеку, ён падкрэсліў, што “любы замах на суверэнную тэрыторыю Беларусі, нашу ваенную і грамадзянскую інфраструктуру атрымае неадкладны адказ” і для гэтага ёсць усе рэзервы. Разам з тым варта памятаць, што суверэнітэт і незалежнасць не даюцца раз і назаўсёды, трэба пастаянна дэманстраваць, што ў нас ёсць воля, свае каштоўнасці, традыцыі, гістарычны шлях міру і стварэння, таму толькі мы, беларусы, нясём рэальную адказнасць за сваю будучыню.

У рамках Дня інфармавання таксама закранулі такія актуальныя тэмы, як супрацьдзеянне незаконнаму абароту наркотыкаў, адказнасць непаўналетніх за правапарушэнні і злачынствы, звязаныя з ужываннем і распаўсюджваннем наркатычных рэчываў і іх аналагаў, а таксама гвалту ў сем’ях і крымінальнай адказнасці бацькоў за пакіданне малалетніх дзяцей у небяспецы, нагадалі аб мерах адказнасці за падобныя парушэнні закона.

З надыходам цёплага надвор’я асабліва актуальнай стала і праблема палаў сухой расліннасці. Ратаўнікі ў саставе інфармацыйных групаў яшчэ раз нагадалі насельніцтву, што за падобныя дзеянні прадугледжана адміністрацыйная адказнасць, а таксама расказалі, як арганізаваць пікнік або распаліць вогнішча на сваім участку з улікам усіх правілаў супрацьпажарнай бяспекі, і прарэкламавалі мабільны дадатак “Дапамога побач”, які дае карыстальніку важныя падказкі ў многіх жыццёвых сітуацыях.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga