Спаборніцтвы па міні-футболе сярод навучэнцаў старэйшых класаў гарадскіх школ, у тым ліку падлеткаў, з якімі праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа, прайшлі на базе сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава.
Ужо стала добрай традыцыяй, што такія футбольныя баталіі ў час канікулаў ладзяцца з ініцыятывы інспекцыі па справах непаўналетніх АУС Дзятлаўскага райвыканкама і раённага камітэта ГА “БРСМ”.
– Гульню праводзім у рамках культурна-спартыўнага мерапрыемства, скіраванага на прафілактыку наркаманіі і алкагалізму, прывіццё здаровага ладу жыцця і фарміраванне законапаслухмяных паводзінаў, – звярнуўся да юных спартсменаў начальнік інспекцыі Віктар Петрукевіч. – Асабліва прыемна, што на міні-футбольнай пляцоўцы на гэты раз сустрэліся каманды юнакоў і дзяўчат, таму я ўпэўнены, што гульня будзе цікавай. Жадаю вам атрымаць ад яе зарад бадзёрасці і станоўчых эмоцый.
– Няхай пераможа мацнейшы, – пажадала ўдзельнікам сустрэчы першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык. – Салодкія ж прызы ад моладзевай арганізацыі дастануцца кожнаму гульцу. Падобныя сустрэчы мы ладзім для таго, каб вы разам з равеснікамі цікава і з карысцю правялі свой вольны час на канікулах, займелі здаровыя звычкі і захапленні, добрых сяброў.
І вось па свістку трэнера-выкладчыка па футболе Дзятлаўскай ДЮСШ Уладзіміра Ганчара, які выступіў у ролі галоўнага суддзі спаборніцтва, мяч аказаўся ў гульні. Яна была сапраўды напружанай. Варта адзначыць, што цяпер у міні-футболе дзяўчаты нашага раёна ствараюць сур’ёзную канкурэнцыю юнакам. Вось і на гэты раз яны перамаглі з лікам 8 : 2.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga