Абеды гатуюцца ў належных умовах

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Арганізацыя харчавання занятых на вясновай пасяўной пастаянна знаходзіцца на кантролі.

Каб работнікі гаспадарак працавалі з поўнай самааддачай і прыкладалі максімум намаганняў да выканання сваіх абавязкаў, яны павінны сытна і правільна харчавацца.

У якіх умовах гатуецца ежа, як і чым кормяць працаўнікоў сельгаспрадпрыемстваў раёна, адсочваюць прафсаюз і санітарная служба.

Уладзімір Казак, старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК  наведаў сталовыя КСУП “Хвінявічы” і “Жукоўшчына”. Ён адзначыў, што яшчэ да пачатку пасяўной была праведзена значная падрыхтоўчая работа, відаць, што выяўленыя раней недахопы выпраўлены: у сталовых зрабілі бягучыя рамонты, закупілі посуд, абсталяванне, прадметы гігіены, тэрмасы і іншае. Машыны, якія дастаўляюць абеды і падвячоркі, абсталяваны ўсім неабходным: рукамыйнікамі, мыючымі сродкамі, аднаразовымі ручнікамі. Прадуктамі сталовыя забяспечаны добра – крупы, макароны, бульба, мяса, тушонка, агародніна. Павары імкнуцца, каб рацыён страў быў разнастайным.

– Падчас агляду звяртаем увагу не толькі на забяспечанасць механізатараў гарачым харчаваннем, пітной вадой, але і сродкамі індывідуальнай аховы, – адзначае Уладзімір Фёдаравіч. – Прафсаюзы заўсёды трымаюць на кантролі спектр пытанняў, якія датычацца аховы працы і рэжыму адпачынку.

Вольга ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga