Дзелавы панядзелак. Не разлічваць на шанцаванне – толькі ўпартая праца

Галоўнае Улада

Пра пачатак вяснова-палявых работ, прыбытковасць прадпрыемстваў, работу назіральных камісій, навядзенне парадку на зямлі і іншыя тэмы  гаварылі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.

Вынікі розныя, заўвагі таксама

Кіраўніцтва раёна ўважліва сочыць за работай сельгаспрадпрыемстваў як камунальнай, так і прыватнай формаў уласнасці. Вынікі розныя, заўвагі таксама.

– Сельскагаспадарчыя прадпрыемствы прыватнай формы ўласнасці падганяць не трэба. Там па-гаспадарску ўжо ўнеслі на палі ўсе неабходныя па тэхналогіі вясновыя падкормкі. КСУПы ж хістаюцца. Калій ужо павінен быць у глебе, а некаторыя толькі пачынаюць яго назапашваць, – адзначыў старшыня райвыканкама. – Па даных ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання бачу, што вытворчасць малака зменшылася ў “Хвінявічах”. КСУП “Жукоўшчына”, у якога няма такой годнай кармавой базы, доіць больш. У жывёлагадоўлі нельга разлічваць на шанцаванне. Тут павінна быць дакладнае выкананне тэхналогіі вырошчвання і ўзнаўлення статка.

Згодна з графікам ва ўсіх гаспадарках раёна прайшоў другі этап дзяржаўнага тэхнічнага агляду сельскагаспадарчай тэхнікі. Лепш за ўсіх па падрыхтоўцы тэхнікі да вяснова-палявых работ паказала сябе ААТ “Граніт-Агра”, горш ­– ААТ “Дварэц-Агра”.

Крымінальная справа па лініі барацьбы з эканамічнай злачыннасцю ўзбуджана на работніка адной з гаспадарак Дзятлаўскага раёна. На працягу года ўтойвалася інфармацыя аб падзяжы буйной рагатай жывёлы на малочна-таварным комплексе, усяго 90 галоў. На гэтай справе, як на недапушчальным факце, акцэнтаваў увагу прысутных Андрэй Садоўскі:

– Разбіральніцтва толькі пачынаецца, між тым усім варта зрабіць высновы з урока безгаспадарчасці.

Любімая пара года ў злодзея ­– зіма

Тэму правапарадку прадоўжыў начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Аляксандр Біль. Ён расказаў, што пачатак дачнага сезона ўжо дае свае “першыя плады” па фактах крадзяжоў за зімовы перыяд. Далёка не ўсе дачнікі, з’язджаючы на зіму ў горад, ставяць свае дамы на ахоўную сігналізацыю. А паколькі дом застаецца без нагляду, то там могуць пагаспадарыць зламыснікі. І ўладальнікі, зразумела, даведваюцца пра гэта толькі вясной, калі злодзеяў і след прастыў. Такія злачынствы ўжо фіксуюцца на тэрыторыі раёна: крадзяжы з дамоў, якія выкарыстоўваюцца гаспадарамі пад дачы, і гаражоў на іх тэрыторыі. Скрадзенае – у большасці металічныя рэчы.

Каб не “папала” за “палы”

Гаспадары прыватных дамоў і дачных участкаў пачынаюць актыўна наводзіць парадак у сваіх уладаннях. Смецце, леташняя трава, лісце дрэў – усё, на чым можа спыніцца погляд добрасумленнага гаспадара, падлягае ўборцы. Нягледзячы на папярэджанні і ўгаворванні, людзі аддаюць перавагу выпальванню.

У выніку нярэдка пажар распаўсюджваецца на гектары, гараць будынкі, гінуць людзі, жывёла. Дарэчы, пацярпелы ад палу ў раёне ў гэтым годзе ўжо ёсць.

Андрэй Садоўскі заклікаў дзятлаўчан праяўляць свядомасць пры навядзенні парадку на сваіх прысядзібных участках. Што датычыцца сельгаспрадпрыемстваў, лясной гаспадаркі, зацікаўленых службаў – даў загад правесці, дзе неабходна, супрацьпажарную апашку, ствараючы мінералізаваныя палосы, каб пазбегнуць распаўсюджвання некантралюемых пажараў.

– Супрацоўнікам РАНС варта больш сустракацца з жыхарамі раёна, тлумачыць і раздаваць метадычныя матэрыялы, каб нагадаць і правілы паводзінаў пры ўзгаранні, і што трэба або не трэба рабіць, каб не падвяргаць жыццё небяспецы, – дадаў кіраўнік раёна.

“Крытычная ямачнасць”

З надыходам цяпла дзятлаўчане сталі ўсё больш узнімаць “дарожныя” пытанні, скардзіцца на глыбокія ямы на праезнай частцы, вызначаць неабходнасць падсыпкі і грэйдзіравання вуліц.

– Пытаннем, як зрабіць дарогі бяспечнымі, задаецца не толькі ўлада, дзяржаўтаінспекцыя, але і звычайныя людзі, з’яўляюцца яны вадзіцелямі ці пешаходамі. Зразумела, на стан дарог аказваюць уплыў кліматычныя ўмовы, дзесьці недапрацоўка дарожных службаў і іншыя фактары. У любым выпадку праблемы на дарогах павінны вырашацца аператыўна праз ямачны рамонт, падсыпку, грэйдзіраванне, асфальтаванне, – адзначыў Андрэй Садоўскі і даручыў свайму намесніку Дзмітрыю Баравіку запрасіць прадстаўнікоў дарожных і камунальных службаў на наступную нараду, на якую яны павінны падрыхтаваць штодзённы план работ па аб’язных дарогах і ў населеных пунктах раёна.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: