У Гезгалаўскім дзіцячым садзе апрабавана новая форма работы з выхаванцамі і іх бацькамі – віртуальная літаратурная гасцёўня.
Першая сустрэча такой гасцёўні, прымеркаваная да Дня роднай мовы, прайшла пад дэвізам “Чытаем вершы разам”. Ініцыятарам яе стала выхавальніца дашкольнай адукацыі Марына Басай, якая прапанавала бацькам і дзецям разам вывучыць верш беларускага паэта, прачытаць яго выразна ўсёй сям’ёй і абавязкова зрабіць відэазапіс. Прапанова педагога знайшла вялікі водгук: многія сем’і выхаванцаў прынялі ўдзел у мерапрыемстве.
Як жа прыгожа, мілагучна лілася родная мова з вуснаў матуляў, татаў, бабуляў і, канешне, нашых выхаванцаў! Сям’я Уладзіка Паўлючэнкава вельмі шчыра прачытала верш Эдзі Агняцвет “Зямля з блакітнымі вачамі”. Браты-двайняты Стас і Макар Кастусікі выказалі сваю любоў да роднай зямлі паэтычнымі радкамі Петруся Броўкі “Дарагая Беларусь”. Выхаванка Паліна Ермаковіч разам з бабуляй падрыхавала верш Анатоля Вольскага “Дзеці”. У віртуальнай літаратурнай гасцёўні прагучалі творы Якуба Коласа, Аяксандра Бадака, Алеся Русака і іншых паэтаў. Кожная сям’я па-свойму, але шчыра і аддана праз вершы выказала сваю любоў да роднай зямлі і мовы.
Каб жадаючыя змаглі наведаць віртуальную літаратурную гасцёўню, педагогі зрабілі QR-коды на кожны відэазапіс і размясцілі іх у бацькоўскім кутку. Такім чынам з дапамогай мабільнага тэлефона і бацькі, і дзеці неаднаразова праслухалі вершы, якія ім найбольш спадабаліся.
Мы ўпэўнены, што віртуальная літаратурная гасцёўня дапаможа нашым выхаванцам усвядоміць сваю прыналежнасць да беларускага народа, скласці сваю сістэму каштоўнасцей, у якой родная мова будзе займаць пачэснае месца.
Алена ЛУКІЯНЕЦ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі Гезгалаўскага дзіцячага сада
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga