У 105 гадоў з пашанай ад землякоў (+відэа)

Галоўнае Падзеі Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Цёплыя словы, песні, кветкі, падарункі. Так 31 студзеня свой шаноўны юбілей 105 гадоў сустракала насельніца Казлоўшчынскага аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Юлія Гульнік.

Усе 105 гадоў Юлія Фларыянаўна пражыла на Дзятлаўшчыне і з’яўляецца самай пажылой жыхаркай нашага раёна. У юбілейны дзень нараджэння землякі агарнулі яе дабрынёй, клопатам і шчырай павагай. Як і належыць, з падарункамі і пажаданнямі ў аддзяленне завітала шмат гасцей.

Яркую песенную паштоўку ў рамках праекта “Глыбінкай жыве Беларусь” для Юліі Фларыянаўны падрыхтавалі артысты сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці і іх калегі – удзельнікі народнага ансамбля песні “Зараначка” Казлоўшчынскага дома культуры.

На правах гаспадыні пра юбілярку расказала загадчыца аддзялення Валянціна Белая:

– Юлія Фларыянаўна перасялілася да нас у красавіку 2010 года з вёскі Жадзейкі, а гэта амаль 13 гадоў таму. Яна цудоўны чалавек: працалюбівая, з чыстай душой, ніколі не сварыцца, знаходзіць кампрамісы ў любой сітуацыі, проста “залатая” жанчына.

– 105 гадоў – цудоўны юбілей, і калектыў аддзялення жадае вам, Юлія Фларыянаўна, жыць яшчэ доўга і шчасліва, – пажадала Валянціна Вікенцьеўна.

– Час ляціць непрыкметна, здаецца, зусім нядаўна мы выншавалі вас з векавым юбілеем, а ўжо прыспеў чарговы, – звярнуўся да імянінніцы старшыня Вензавецкага сельсавета, ураджэнкай якога яна з’яўляецца, Алег Шымко. – У мінулы раз прыязджаў з Калінінграда ваш унук Алег, якому вы з дзесяцігадовага ўзросту замянілі матулю. Цяпер прыехаць ён не змог – вялікая адлегласць, межы. Тым не менш, тут сабраліся не чужыя вам людзі. Мяне, напрыклад, вы ведаеце з дзяцінства, сябравалі з маёй бабуляй, а ў 80-х гадах у адной гаспадарцы мы працавалі з вашым мужам Уладзімірам Ільічом. Жадаю вам моцнага здароўя, жыццёвай энергіі, сілаў і далейшага даўгалецця.

Паколькі больш за дзесяцігоддзе Юлія Гульнік знаходзіцца ў аддзяленні на тэрыторыі Казлоўшчынскага сельскага савета, то да віншаванняў далучыўся і мясцовы старшыня сельвыканкама Вадзім Бялятка:

– Мяркую, у аддзяленні вам утульна і цёпла, як дома, пра вас тут клапоцяцца цудоўныя людзі. Жадаю вам шчасця і здароўя, каб мы з вамі абавязкова сустрэліся і на 110-гадовы юбілей.

Ад Дзятлаўскага райвыканкама і як намеснік старшыні раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” доўгажыхарку павіншавала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Вольга Рагачова, пажадала здароўя, каб побач заўсёды знаходзіліся клапатлівыя і шчырыя людзі.

Ад навакольных – дабрыні, ад сонца – цеплыні і Божага блаславення Юліі Гульнік зычыла начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” Алена Васкель. Алена Раманаўна акцэнтавала ўвагу на тым, што жыццёвы рубеж даўжынёй у 105 гадоў даецца не кожнаму, а таму Юлія Фларыянаўна ўваходзіць у лік доўгажыхароў не толькі нашага раёна, але і вобласці, рэспублікі. Прайсці такі доўгі шлях, нягледзячы на перашкоды і выпрабаванні лёсу, ёй дапамаглі добразычлівы характар і любоў да людзей.

Акрамя віншаванняў і падарункаў ад грамадскіх аб’яднанняў “Белая Русь”, “Беларускі саюз жанчын”, Таварыства Чырвонага Крыжа, Юлія Фларыянаўна атрымала яшчэ і падарунак ад прадпрыемства меліярацыйных сістэм, які з найлепшымі пажаданнямі ад калектыву ёй уручыла спецыяліст Алена Галаванёва.

Вядома ж не абышлося без юбілейнага торта, на якім імянінніца задзьмула традыцыйныя свечкі. Гэты пачастунак, каб парадаваць яе і іншых жыхароў аддзялення, ад калектыву Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна спякла адна з работніц.

Дырэктар Цэнтра Таццяна Нікіпорчык падзякавала прысутным за павагу да шаноўнай імянінніцы, калектыву Казлоўшчынскага аддзялення – за старанную работу, пацвярджэннем якой служаць такія бадзёрыя доўгажыхары. А ўсё таму, што за кожнага падапечнага мясцовыя работніцы перажываюць, як за блізкага чалавека, не лічацца з уласным часам. Юліі Фларыянаўне Таццяна Сямёнаўна падзякавала за любоў да жыцця і ўменне цаніць усё тое дабро, што для яе робяць людзі.

– Я пражыла столькі гадоў і нікому не жадала зла, будзьце і вы здаровыя, жывіце доўга, паважайце і шануйце адзін аднаго, – дала сваё мудрае настаўленне прысутным доўгажыхарка.

 

Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: