Ставіць мэты і дасягаць іх, быць упэўненымі ў сваіх сілах, не баяцца цяжкасцяў і ніколі не здавацца, любіць сваю справу, быць здаровымі і займацца спортам – усе гэтыя пажаданні паклалі ў навагодні мех пераможцы другога этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах у 2022-2023 навучальным годзе.

У гімназіі № 1 горада Дзятлава прайшла цырымонія ўзнагароджання разумнікаў і разумніц Дзятлаўшчыны.

На яе школьнікаў, педагогаў раёна запрасілі аддзел адукацыі райвыканкама і раённы цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Сёлета лепшымі сярод роўных на другім этапе рэспубліканскай алімпіяды сталі 19 старшакласнікаў па 10 навучальных прадметах. З пераадоленнем чарговай прыступкі да поспеху іх павіншавала намеснік начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Алена Жадзейка.

– Напярэдадні цудоўных святаў – Нараджэння Хрыстова і Новага года мы сабраліся ў гэтай утульнай святочнай зале, каб падзякаваць інтэлектуальнай эліце нашага раёна, – адзначыла Алена Іванаўна. – Дзякуй вам ад усіх прысутных, ад аддзела адукацыі, ад усяго нашага раёна. Дзякуй за вашу настойлівую плённую працу, якая прывяла да высокіх вынікаў. Жадаю вам поспехаў і ўдачы на вашым няпростым шляху. Прыкладвайце ўсе свае сілы для дасягнення мэты, і вынік будзе дастойным.

Яна ўручыла заслужаныя ўзнагароды пераможцам раённага этапу алімпіяды і іх настаўнікам. Трое навучэнцаў школ раёна сталі пераможцамі адразу па двух дысцыплінах: Паліна Журская з сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава – па фізіцы і матэматыцы, Данііл Шуляк з гімназіі № 1 горада Дзятлава ­– па матэматыцы і інфарматыцы, Анастасія Сазановіч з Гезгалаўскай сярэдняй школы – па рускай мове і літаратуры, біялогіі.

Таксама на абласным узроўні Дзятлаўскі раён прадставяць: у секцыі “інфарматыка” – Ягор Пікта (Новаяльнянская сярэдняя школа),  “матэматыка” –Аляксандра Лішык (Казлоўшчынская сярэдняя школа), “руская мова і літаратура” – Валерыя Жалнерчык (сярэдняя школа № 1), Ксенія Калодзіч (сярэдняя школа № 3), Аляксандра Барабан (Гезгалаўская сярэдняя школа), “гісторыя” – Яраслаў Мудры (сярэдняя школа № 3), “геаграфія” – Яўген Гародка (Казлоўшчынская сярэдняя школа), “хімія” – Ангеліна Хілімончык (Казлоўшчынская сярэдняя школа), Анастасія Мілейка (гімназія № 1),  Дар’я Вараб’ёва (Гезгалаўская сярэдняя школа), “працоўнае навучанне, тэхнічная абслугоўваючая праца” – Аляксандр Аблажэй (Новаяльнянская сярэдняя школа), Соф’я Лотыш (Гезгалаўская сярэдняя школа), Анастасія Маскаль, Арцём Грамадскі (сярэдняя школа № 3), “фізічная культура і здароўе” – Аляксей Кастусік (Дварэцкая сярэдняя школа), Ганна Радомская (гімназія № 1).

Ва ўтульнай навагодняй гімназічнай зале юныя эрудыты і іх настаўнікі пазнаёміліся, падзяліліся сакрэтам поспеху, паразважалі аб тым, што галоўнае ў падрыхтоўцы да алімпіяды, расказалі аб сваіх любімых школьных прадметах, адкрылі таленты і планы на будучыню. Да прыкладу, Данііл Шуляк захапляецца музыкай і выдатна іграе на сінтэзатары, Яраслаў Мудры збіраецца абраць прафесію ваеннага спецыяліста па ідэалагічнай рабоце, Аляксандра Барабан – удзельніца адной з самых моцных каманд раёна па гульні “Што? Дзе? Калі?”, Аляксей Кастусік усур’ёз займаецца спортам, за што атрымаў першы ў жыцці алімпійскі “лаўровы” вянок.

Таксама яны падрыхтавалі сюрпрызы для гасцей мерапрыемства: музычныя імправізацыі, фінансава-літаратурны батл, навагоднія хімічныя вопыты, святочны “хэнд мэйд”.

Не менш крэатыўна адказалі і самі педагогі: яны знайшлі шчырыя, цёплыя, арыгінальныя словы наказу ў прозе і вершах для сваіх любімых вучняў:

– Перамогі – гэта вынік вялікай работы. Сваёй працавітасцю, настойлівасцю і жаданнем перамагчы вы ўжо дасягнулі значных вышыняў. І сёння вы – пераможцы. Упэўнена, рашуча, смела і дастойна ідзіце да наступнай вяршыні, а мы будзем шчыра верыць, што вы яе абавязкова пераадолееце.

Эстафету пажаданняў падтрымалі кіраўнікі ўстановаў адукацыі.

Фінальны акцэнт у віншавальным марафоне паставіла начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская:

– Дарагія нашы дзеці! Усе вы ­– ужо лепшыя, дастойныя. Вы актыўныя, дасягнулі пэўных поспехаў у сваіх сферах навукі. Наперадзе яшчэ немалы шлях, і я вас вельмі прашу сабраць усе свае сілы, цярпенне, сканцэнтравацца і паказаць лепшы вынік, на які вы здольны. Мы радуемся разам з вамі, калі імёны нашых выдатных школьнікаў гучаць на абласным, рэспубліканскім і нават міжнародным узроўні, – заўважыла Марына Яўгенаўна. – Побач з вамі педагогі, якія за час падрыхтоўкі да алімпіяды становяцца вам не толькі настаўнікамі і дарадцамі, але і таварышамі, псіхолагамі, недзе нават татамі і матулямі, за што ім нізкі паклон. Наперадзе навагоднія святы і зімовыя канікулы, якія для вас пройдуць у напружанай працы і падрыхтоўцы. Ад усёй душы жадаю, каб усе вашы старанні апраўдаліся. Мы вамі ганарымся.

Для добрага настрою адораная моладзь нашага раёна атрымала салодкія падарункі ад адміністрацыі сваіх навучальных установаў, а таксама песенныя – ад равеснікаў, таленавітых навучэнцаў школ раёна, удзельнікаў вакальных калектываў і аб’яднанняў па інтарэсах, пераможцаў творчых конкурсаў.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации