Поспех заўжды акрыляе

Важнае Грамадства

9 снежня ў Гродне прайшла ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў абласной прэміі імя Аляксандра Дубко.

Штогод гэтай значнай узнагароды ўдастойваюцца навучэнцы і студэнты з розных куткоў Прынёманскага краю, якія дасягнулі важкіх вынікаў у вучобе, спорце, грамадскай дзейнасці.

Сёлета сярод намінантаў быў навучэнец 11 класа Новаяльнянскай сярэдняй школы Ягор Пікта, які прыехаў на цырымонію ўзнагароджання з начальнікам аддзела адукацыі райвыканкама Марынай Лашкоўскай і настаўніцай Аленай Варанец.

На рахунку Ягора нямала значных дасягненняў. Ён член школьнага навуковага таварыства “Веста”, прымае актыўны ўдзел у даследчай дзейнасці. У 2020 годзе ўзнагароджаны дыпломам ІІ ступені за ўдзел у ХІІІ Міжнароднай моладзевай навукова-практычнай канферэнцыі “Вялікая Айчынная вайна 1941-1945 гадоў у гістарычнай памяці народа”. У 2021 годзе пабываў на рэспубліканскім інтэлектуальным праекце “Я ведаю”. Двойчы прайшоў навучанне ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку. Набыткам абласной даследчай канферэнцыі “Крыштальная Альфа-2021” для Ягора Пікты стаў дыплом ІІ ступені. А летась ён стаў пераможцам конкурсу работ даследчага характару па прадмеце “руская мова” 73 навукова-тэхнічнай канферэнцыі навучэнцаў, студэнтаў і магістрантаў БДТУ “Мой першы крок у навуку”. Сёлета за ўдзел у ІІІ абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах Ягор адзначаны граматай за поспехі па вучэбным прадмеце “інфарматыка”, дыпломам ІІІ ступені абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу па распрацоўцы камп’ютарных гульняў патрыятычнай накіраванасці “Патрыёт.by”, а таксама дыпломам І ступені па выніках раённага конкурсу “Край Гарадзенскі” і заахвочвальнай грашовай прэміяй Дзятлаўскага райвыканкама.

 

Нашы землякі з задавальненнем падзяліліся сваімі ўражаннямі ад паездкі ў абласны цэнтр.

Марына Лашкоўская:

– Сёлетняе ўручэнне праходзіла ў мастацкай галерэі імя Антонія Тызенгаўза – славутага ўраджэнца Наваельні, таму нашы ўражанні асаблівыя. Прэміі імя Аляксандра Дубко ўдастоіліся самыя таленавітыя навучэнцы і студэнты вобласці. Адметна, што на ўзроўні дзяржавы замацавана сур’ёзная сістэма маральнага і грашовага заахвочвання маладога пакалення. Як адзначыў у час урачыстай цырымоніі намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Пранюк, цяпер у Банку адоранай моладзі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь больш за дзве тысячы таленавітых маладых жыхароў Прынёмання. Прэмія імя Аляксандра Дубко для талентаў Гродзеншчыны – важкая ўзнагарода. У гэтым сэнсе я вельмі рада за Ягора Пікту і Алену Варанец. Сёння мы адчулі сябе маленькай часцінкай агульнага цэлага, разам з тым, значнымі і паспяховымі. Прыемна, што невялікая Новаяльнянская школа канкурыруе сярод буйных і значных установаў адукацыі вобласці. Пастараемся і надалей “трымаць планку”.

Ягор Пікта:

– Я цудоўна правёў час, спадабаліся атмасфера, музыка, выказванні выступоўцаў і той сэнс, які ў іх быў закладзены, а таксама мудрая прытча, што прагучала ў час урачыстасці. Не менш прыемна было паслухаць музычнае выступленне аднаго з маладых лаўрэатаў прэміі. Сам я збіраюся паступаць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі на факультэт камп’ютарных сістэм і сетак, бо мне бліжэй інфарматыка. Тым не менш вельмі карысным лічу той цікавы вопыт і веды, якія атрымаў у час работы з Аленай Іванаўнай над параўнальнай характарыстыкай народных, афіцыйных і лацінскіх першакрыніц-назваў лекавых раслін. Гэта было вельмі пазнавальна. Сваім равеснікам і моладзі жадаю таксама быць паспяховымі і дабівацца свайго, нягледзячы ні на што, бо не такое важнае значэнне мае матывацыя, як дысцыплінаванасць і граматна пастаўленая мэта.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены ўдзельнікамі цырымоніі

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: