31 кастрычніка ў зале Цэнтра культуры і народнай творчасці горада Дзятлава прынялі прысягу, атрымалі пасведчанні 60 народных засядацеляў суда Дзятлаўскага раёна і 13 – Гродзенскага абласнога суда.
Гасцямі ўрачыстага пасяджэння сталі старшыні райвыканкама Андрэй Садоўскі і раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі.
Старшыня суда Дзятлаўскага раёна Вадзім Дуброўскі павітаў прысутных і пазнаёміў іх з механізмам прыцягнення грамадскасці да работы суда:
– У Рэспубліцы Беларусь атрымала развіццё форма ўдзелу грамадзян у дзейнасці суда ў якасці народных засядацеляў, – адзначыў Вадзім Ігаравіч. – Запрашэнне вас да ажыццяўлення правасуддзя дазваляе ацаніць сітуацыю ад жыцця, з іншага боку, глянуць на яе вашымі эмоцыямі, што ў сукупнасці з прававым падыходам дапаможа ўлічыць самыя розныя абставіны і прыняць да ўвагі ўвесь воблік чалавека.
Т экст прысягі новаабраных народных засядацелей зачытала галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Алена Чайкоўская:
– Я, народны засядацель, урачыста клянуся перад народам Рэспублікі Беларусь чэсна і сумленна выконваць свае абавязкі, ажыццяўляць правасуддзе, падпарадкоўваючыся толькі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, быць непрадузятым, справядлівым, як патрабуюць мой абавязак і маё сумленне.
Са знакавай падзеяй народных засядацеляў павіншаваў Андрэй Садоўскі:
– На вас, паважаныя народныя засядацелі, ускладваецца адказная місія: вы будзеце забяспечваць узаемадзеянне грамадства і судовай улады. І калі суддзя будзе ацэньваць сітуацыю з юрыдычнага боку, вы можаце глянуць на яе зыходзячы з жыццёвых рэалій. У вашай нялёгкай працы жадаю вам цярпення і саламонавай мудрасці. Спадзяюся, што сваёй дзейнасцю вы паспрыяеце падтрыманню высокага ўзроўню правасуддзя ў нашым рэгіёне. Удачы і плённай работы!
Тэрмін паўнамоцтваў народных засядацеляў складзе 5 гадоў, на працягу якіх яны будуць выконваць сваю работу пры разглядзе самых складаных справаў, якія маюць высокі грамадскі рэзананс: ажыццяўляць правасуддзе пры разглядзе цяжкіх і асабліва цяжкіх крымінальных справаў, а таксама справаў у дачыненні непаўналетніх.
Сваімі ўражаннямі падзяліліся дзятлаўчане, якія сёння атрымалі пасведчанне народных засядацеляў.
Анатоль Місарэвіч, намеснік дырэктара па гаспадарчай частцы Жукоўшчынскай базавай школы:
– Адчуваю вялікую адказнасць, якая сёння была ўскладзена на кожнага з нас. Калі давядзецца ўдзельнічаць у судовым працэсе, буду старацца выконваць кожны пункт прысягі, якую мы прынеслі сёння перад дзятлаўчанамі, быць шчырым і сумленным у сваіх меркаваннях, каб дапамагаць суду прысяжных засядацеляў прымаць справядлівыя і непрадузятыя рашэнні.
Вікторыя Губко, спецыяліст па маркетынгу ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка”:
– Прыемна, што ў саставе суда народных засядацеляў нямала жанчын, у тым ліку, матуляў. На маю думку, тыя, у каго ёсць свае дзеці, могуць лепш зразумець жыццёвыя абставіны і матывы ўчынкаў іншых людзей, быць гуманнымі нават у прыняцці складаных судовых рашэнняў.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga